Тым, хто не бачыў вайны

Общество

9 мая 2015 года беларускі народ сустрэў юбілей Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы ў рамках 70-годдзя значнай падзеі працягваюцца, у тым ліку і ў нас на Валожыншчыне.

На мінулым тыдні ў раённай бібліятэцы прайшоў літаратурна-інфармацыйны альманах “Я не бачыў вайны”. Адказныя за правядзенне мерапрыемства – раённая структура аб’яднання “Веды” і бібліятэчныя работнікі – прысвяцілі яго творчасці беларускіх і расійскіх літаратараў, хто прайшоў праз пекла вайны і адлюстраваў перажытыя падзеі ў сваіх творах. У якасці гледачоў былі запрошаны вучні 10 класа сярэдняй школы № 1 г. Валожына. Дзяўчаты і юнакі з непадробнай шчырасцю ўспрымалі словы вядучых, якія знаёмілі іх з цікавымі фактамі з біяграфій Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Роберта Раждзественскага, Барыса Васільева і інш. Арганізатары пастараліся стварыць у актавай зале бібліятэкі максімальна камерную абстаноўку, аднак улічылі, што ўдзельнікі – моладзь, таму і формы падачы інфармацыі былі абраны сучасныя: відэаролікі, музычныя кліпы, кадры сусветна вядомых фільмаў пра вайну, слайд-шоу.

Паэтычныя радкі ў спалучэнні з візуальнымі вобразамі, дапоўненыя пранізлівымі музычнымі творамі, аказалі магутнае ўздзеянне на прысутных. Немагчыма было раўнадушна назіраць за сённяшнімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія праз свае розум і сэрцы прапускалі гісторыі герояў “Альпійскай балады”, “Хатынскай аповесці”, як услухоўваліся ў тэксты песень Булата Акуджавы і не маглі стрымаць слёз, слухаючы верш Юліі Друнінай “Юлька”. Болем адазваліся ў сэрцах прысутных і кадры вядомых фільмаў “Ідзі і глядзі”, “Афіцэры”, “Брэсцкая крэпасць”…

Напрыканцы сустрэчы быў паказаны запіс праходжання так званага “Бессмяротнага палка” падчас парада ў гонар Перамогі ў Маскве. Тады на вуліцы выйшлі тысячы і тысячы маладых людзей, каб сустрэць свята з партрэтамі сваіх дзядоў і прадзедаў, якія не шкадавалі жыццяў дзеля шчасця наступных пакаленняў. У Беларусі моладзь таксама не застаецца ў баку ад такіх падзей, што пацвярджае меркаванне: побач з разумнымі амбіцыямі жыхароў ХXI стагоддзя юныя сучаснікі маюць і такія жыццёвыя прыярытэты, як недапушчэнне вайны, стабільнасць, любоў да Радзімы. Надзея на тое, што нашы нашчадкі праз 70 гадоў скажуць нам “дзякуй!” за захаваны мір, па-ранейшаму рэальная.

Адказны сакратар раённай структуры “Веды” Людміла Антонаўна Давідовіч паведаміла, што, паколькі асноўнай задачай арганізацыі з’яўляецца інфармаванне насельніцтва, літартурна-інфармацыйны альманах, узяўшы паспяховы старт у сценах установы культуры, у бліжэйшы час прадоўжыць сваё жыццё ў працоўных і навучальных калектывах горада і раёна.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий