Эвакуiравалi, ратавалi, шукалi

Общество

Непадалёк вёскі Міхалова стартавала IV Міжнародная школа па надзвычайных сітуацыях і вышуку Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. 

Вучэнні ладзіліся з максімальным натуралізмам, ва ўмовах, набліжаных да рэальнасці. Прафесіянальныя ўменні дэманстравалі больш за 100 валанцёраў. У ролі статыстаў, якія ўмоўна “сталі ахвярамі” розных надзвычайных здарэнняў, выступілі вучні Ракаўскай і Дорскай школ.

Школа атрымала статус міжнароднай з-за таго, што сярод удзельнікаў амаль палова былі прадстаўнікамі Літоўскага, Латвійскага, Украінскага, Дацкага, Балгарскага, Нарвежскага Таварыстваў Чырвонага Крыжа, Азербайджанскага і Казахстанскага Таварыстваў Чырвонага Паўмесяца і нават Ізраільскага Таварыства Чырвонага шчыта Давіда. Пастаўленыя задачы былі і простыя, і складаныя адначасова. Валанцёры павінны былі максімальна эфектыўна аказаць дапамогу людзям, якія трапілі ў нестандартнае становішча і самі з яго без кваліфікаванай дапамогі выбрацца не могуць. Згодна з распрацаванымі “легендамі” (а кіраўніцтвам школы іх было змадэлявана больш як 17), прадстаўнікі Чырвонага Крыжа “эвакуіравалі” жыхароў вёсак, каля якіх адбылося “сутыкненне” дзвюх машын, у адной з якіх “перавозіліся ядавітыя рэчывы моцнага дзеяння”, аказвалі дапамогу “параненым”, якія трапілі ў ДТЗ, шукалі прапаўшых у лясным масіве, у тым ліку з прыцягненнем кінолагаў і іх калматых выхаванцаў, адпрацоўвалі і іншыя сітуацыі. Для большага рэалізму на месцы ДТЗ было шмат агню і дыму, а прафесіянальны грымёр зрабіў усім “ахвярам” спецыяльны макіяж: раны і траўмы, нанесеныя на цела з дапамогай звычайнага цеста і фарбавальнікаў, выглядалі надзвычай праўдзіва…

Экспертызу правільнасці аказваемай дапамогі і ў цэлым работы валанцёраў правялі спецыялісты Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, абласных і гарадскога ўпраўленняў МНС з Мінска і Гродна, атрада спецыяльнага прызначэння МНС Беларусі. А на базе адпачынку “Галактыка”, дзе на час работы Міжнароднай школы размясціліся яе ўдзельнікі, валанцёры прадставілі таксама прэзентацыі аб сваёй дзейнасці, правялі майстар-класы. Папрацавалі з камандамі і трэнеры Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий