Дапаможа вакцынацыя

Общество

Штогод у восеньскія месяцы ў нашай краіне праводзіцца імунізацыя насельніцтва супраць грыпу і іншых вострых рэспіраторных інфекцый. 

Сёлета будзе створана імунная праслойка ў 40% насельніцтва раёна. Вакцынацыя пройдзе як за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, так і за кошт прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама за ўласныя сродкі грамадзян. За кошт бюджэту вакцынуюцца цяжарныя, дзеці з 6 месяцаў і да 18 гадоў, дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, людзі, якім больш за 65 гадоў, пацыенты з імунасупрэсіяй, медыцынскія работнікі.

Вірус грыпу прыгнятае імунныя рэакцыі арганізма, таму значна змяншаецца здольнасць супрацьстаяць хваробам. Падчас эпідэмій грыпу захворванне бактэрыяльнымі інфекцыямі дыхальных шляхоў рэзка ўзрастае. Да таго ж грып выклікае абвастрэнне і пагаршае цячэння хранічных захворванняў. Ускладненні грыпу: пнеўманія, атыт, які часам пераходзіць у менінгіт, паражэнне сардэчна-сасудзістай і цэнтральнай нервовай сістэм.

Аптымальны тэрмін правядзення вакцынацыі – з другой паловы верасня да пачатку снежня. Імунітэт пачынае развівацца праз 14-21 дзень пасля вакцынацыі і забяспечвае абарону ад захворвання грыпам на працягу 8-12 месяцаў. Часцей за ўсё пік эпідэміі прыходзіцца на студзень, люты ці сакавік.

Падлічана, што вакцына абыходзіцца ў 5-10 разоў танней, чым лячэнне самога захворвання. Захварэўшых сярод прышчэпленых на 91% менш, чым сярод тых, хто не зрабіў прышчэпку.

Нягледзячы на даказаную эфектыўнасць, не ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна разумеюць важнасць правядзення імунізацыі сваіх працаўнікоў. Не заключылі яшчэ дагаворы з арганізацыяй аховы здароўя Валожынскі РЭС, ЛДД-612 і ЛДД-613 ДЭУ-61, Валожынскі лясгас, філіял № 1 ААТ Завод «Белпласт», Валожынрайгаз, ЗАТ «Фабрыка галаўных убораў «Людміла», ЦБУ № 605 філіяла № 500 ААТ «ААБ Беларусбанк», Валожынскае райспажыўтаварыства і інш.

 На перыяд правядзення імунізацыі насельніцтва супраць грыпу, заключэння дагавораў з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, грамадзянамі ў Валожынскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі працуе тэл. 5-50-66, у Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы: 5-57-35.

Аляксандр ДУБОВІК,

галоўны ўрач

Валожынскага РЦГІЭ



Добавить комментарий