Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

ЯЗДА З ТРАГІЧНЫМ ЗЫХОДАМ

Трагічныя наступствы і няхуткае выздараўленне прынесла мінчаніну язда па ракаўскіх вуліцах на мапедзе. Не ўлічыўшы стан свайго транспартнага сродку і яго асаблівасці, мужчына 1966 года нараджэння набраў хуткасць, не справіўся з кіраваннем і перакуліўся. Як вынік – цяжкая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом касцей чэрапа, траўматычны шок і шпіталізацыя ў нейрахірургічную рэанімацыю адной з Мінскіх клінік. Супрацоўнікі ДАІ РАУС, якія высвятлялі дадатковыя абставіны, заўважылі, што чалавек не меў не толькі рэгістрацыйнага пасведчання і тэхагляду на мапед, але – што самае катастрафічнае ў згаданым выпадку – і галаўнога шлема.

НАПАМІН ВАЙНЫ

ЛЯЖАЎ НА ПОЛІ…

Чарговы адгалосак Вялікай Айчыннай прагучаў пад вечар у Падбярэзскіх ваколіцах. Падрыўнікі сапёрна-выратавальнай групы воінскай часці 5448 знішчылі 76-міліметровы артылерыйскі снарад з узрывальнікам, які быў знойдзены падчас сельскагаспадарчых работ на полі непадалёк самой вёскі. На шчасце, смяротнае ўстройства не спрацавала да прыезду спецыялістаў.

 

КРАЛА, КАБ… ВЫПІЦЬ?

Супрацоўнікі міліцыі прынялі паведамленне аб крадзяжы грошай ад івянчаніна. Спецыялісты аддзела крымінальнага вышуку, якія правялі дадатковую праверку здарэння, высветлілі, што “прырабіла ногі” 400 тысячам, скарыстаўшыся алкагольным ап’яненнем мужчыны, неаднаразова судзімая жыхарка гарадскога пасёлка: маўляў, спіртнога прыкупіць. Жанчыну затрымалі і памясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Супраць яе ўзбуджана крымінальная справа.

 

ПАКВАПІЎСЯ

НА ШКЛОПАКЕТ

Разбіраюцца праваахоўнікі і з крадзяжом шклопакета ў пластыкавай раме коштам 1 мільён 422 тысячы рублёў, які невядомы зламыснік украў на адным з падворкаў у Выганічах. Дача належыць мінчаніну, які і заявіў аб прапажы ў міліцыю.

 

ВІНАВАТАГА ЗНАЙШЛІ

У пачатку месяца ў маладога чалавека з вёскі Рачаняты з аўтамабіля прапала сумка з дакументамі і грошамі на агульную суму 460 тысяч рублёў. Праваахоўнікі высветлілі асобу злодзея. Ім аказаўся раней судзімы жыхар Ракава. Ён пранік у кабіну аўтамабіля праз незапёртыя дзверы. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.

 

ДЫЗПАЛІВА – “У ЦАНЕ”

Прадстаўнік адной з маладзечанскіх арганізацый падаў заяву ў РАУС па факце крадзяжу са службовага аўтамабіля дызельнага паліва. З бака грузавіка, які знаходзіўся на будоўлі шматкватэрнага дома ў Паморшчыне, невядомы ліхадзей сарваў дужку замка і “выцадзіў” 177 літраў саляркі агульным коштам 2 мільёны 177 тысяч рублёў. Вядзецца следства.

 

“ПРАЗРЫСТЫЯ” СПРАВЫ

заведзены на некаторых аматараў і “вытворцаў” саматужнага спіртнога. Самагонныя апараты былі знойдзены ў гаспадарчых пабудовах ураджэнца вёскі Ігнатова і жанчыны з Івянца. На іх складзены адміністрацыйныя пратаколы, а “міні-заводы” вывезены на адказнае захаванне. Літр “прадукту” быў канфіскаваны ў беспрацоўнага жыхара Дораў, які разгульваў з ім па вуліцы. 0,5 літра вадкасці самаробнай маркі адабралі ў жыхара Сакаўшчыны, якога затрымалі каля аднаго з валожынскіх дамоў. Праводзіцца праверка на прадмет устанаўлення асоб гандляроў самагонам.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках

падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий