Сямейны капiтал

Культура

Сямейны капiтал у памеры 10 тысяч долараў, згодна з указам Прэзідэнта, дапаможа падтрымаць сямейны дабрабыт! 

У сям’і  Сухадольцаў з Валожына трое дзяцей. Людміла Аляксандраўна і Уладзімір Аляксеевіч штодзённа атуляюць бацькоўскай ласкай і пяшчотай дванаццацігадовага Максіма, адзінаццацігадовую Ганну і малодшага пестуна Кірыла, якому хутка споўніцца сем месяцаў.

Дзяцей выхоўваць складана заўсёды і ўсім, асабліва, калі ўлічваць, што, акрамя любові, ім патрэбны і такія надзённыя рэчы, як цёплы, утульны дом, смачная і карысная ежа, зручнае і моднае адзенне, цацкі, развіваючыя рэчы і г. д. Як з усім гэтым спраўляюцца Сухадольцы? “Прыбытак у нашай сям’і не вельмі вялікі: заробак бацькі-будаўніка і грошы, якія выдзяляе на дзяцей дзяржава, але пры разумным падыходзе гэтых сродкаў дастаткова, –  разважае гаспадыня дома, –  вось толькі наша жыллё патрабуе укладанняў. Спадзяёмся ў хуткім часе зрабіць сур’ёзную рэканструкцыю. Ужо гатоў праект. Дзяржава прадастаўляе нам як мнагадзетнай сям’і  магчымасць скарыстаць ільготны крэдыт”.

Прыемнай навіной у пачатку года стала для Сухадольцаў паведамленне аб магчымасці аформіць так званы “сямейны капітал”. Зараз у Беларусі за кожнае трэцяе і наступнае дзіця сям’і прадастаўляецца буйная грашовая сума. “Сёння мы, зразумела, не маем права выкарыстаць гэтыя грошы, але пасля дасягнення дзецьмі паўналецця, можна направіць капітал на вучобу, паляпшэнне жыллёвых умоў, – Уладзімір Аляксеевіч заўважна добра валодае тэмай. – Да таго ж, па словах нашага Прэзідэнта, гэта доўгачасовая падтрымка. Грошы не проста ляжаць у банку, на іх нарастаюць працэнты”.

Пакуль праграма “сямейнага капіталу” абмежавана  чатырма гадамі. Калі ў перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года ў сям’і з’яўляецца трэцяе, чацвёртае і г. д. дзіця, дзяржава залічвае дзесяць тысяч долараў на спецыяльна адкрыты для яго рахунак. Скарыстаць іх раней тэрміну магчыма толькі ў адным выпадку – калі дзецям неабходна лячэнне.

Акрамя таго, з новага года сем’і з двума (і больш) непаўналетнімі дзецьмі (аднаму з якіх яшчэ не споўнілася трох гадоў) маюць права на новую дапамогу. Грошы выплачваюцца раз у месяц. Сума прывязана да бюджэту пражытачнага мінімуму і ў сярэднім складае 700 тысяч рублёў.

“Гэта нядрэннае дапаўненне да тых грошай, якія атрымлівалі, – дзеліцца думкай Людміла Аляксандраўна. – Мы з удзячнасцю прымаем любую дзяржаўную дапамогу, хаця на яе і не разлічваем. Гэта нашы дзеці, і мы павінны самі думаць аб іх. Але тое, што клопат аб падрастаючым пакаленні ў нас у Беларусі не толькі на бацькоўскіх плячах, – прыемна і, на маю думку, правільна”.

Сухадольцы, нягледзячы на паўсядзённую занятасць, заўсёды ў курсе апошніх палітычных і эканамічных навін, якія чэрпаюць з газет, тэлебачання. Не цураюцца яны і ўдзелу ў грамадскім жыцці краіны.  “Мы ні за што не прапусцім прэзідэнцкія выбары, – сцвярджае Уладзімір. – Паглядзіце, што робіцца ў свеце! Некаторыя даэксперыментаваліся са сваім выбарам. Беларусам такога не трэба. Нам і нашым дзецям неабходны мір і стабільнасць!” “У жыцці ж галоўнае – жыццё, – уздыхае Людміла, – а матулям ніхто не верне сыноў, што паляглі падчас канфлікту ва Украіне. Я як маці хачу, каб нашы беларускія дзеці, калі і чулі залпы, то толькі на святах ад салютаў”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий