З Казахстана – у Беларусь…

Культура

Год таму прыбавілася адразу на пяць чалавек у аграгарадку Доры. Сюды ў выніку міграцыі перабралася з далёкага Казахстана сям’я Арловец. У сталым узросце Вольга Валер’еўна з мужам Аляксандрам вырашылі кардынальна змяніць свой лёс.

Раней яны шмат пазітыўнага чулі пра Беларусь, з інтарэсам глядзелі аптымістычныя тэлерэпартажы пра змены, якія адбываюцца ў сінявокай, прыгожай краіне. Іх многія знаёмыя, сябры не раз бывалі ў нашай рэспубліцы і заўсёды вярталіся дадому акрыленыя прыемнымі ўражаннямі. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, Арлоўцы сабраліся ў далёкую дарогу. Трое дзяцей таксама паехалі разам з бацькамі: шаснаццацігадовая дачка Таццяна, трынаццацігадовы сын Аляксандр і малодшы Уладзік.

На новым месцы яны прыжыліся лёгка. Муж уладкаваўся механізатарам, а шматдзетная маці працуе афіцыянткай у прыдарожным кафэ “Лясное”. Жывуць у добраўпарадкаваным катэджы, якім забяспечыла іх сельгаспрадпрыемства. І дарослыя, і дзеці ўжо абзавяліся вернымі сябрамі і добрымі знаёмымі. Вольга Валер’еўна, якую мы засталі на дарозе з сельмага, шчыра прызналася, што аб сваім пераездзе яны не шкадуюць. Ім падабаецца наша прыгожая, эканамічна развітая краіна, яе спагадлівыя, добразычлівыя людзі. А яшчэ гаспадыню падкупіла звычка беларусаў старанна ўпрыгожваць свае сядзібы рознымі кветкамі, дэкаратыўнымі насаджэннямі. Незадавальняе іх хіба толькі адна абставіна: няма, на жаль, у аграгарадку возера ці штучнага вадаёма, дзе можна было б адпачыць, парыбачыць у спякотнае лета. Але гэты “мінус” можна лёгка перажыць! Галоўнае, што ў Дорах яны знайшлі свой надзейны жыццёвы прычал!

Ірына ПАШКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий