Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Калектыў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўзнагароджаны Дыпломам за першае месца ў абласным аглядзе-конкурсе сярод тэрытарыяльных цэнтраў на лепшую пастаноўку работы па добраўпарадкаванні і санітарным стане тэрыторый. Дыплом падмацаваны грашовай прэміяй.

Як зазначыла дырэктар цэнтра Галіна Рай, кожны раз работнікі стараюцца ўнесці нешта новае ў афармленне і аздабленне тэрыторый па вуліцы Міру, 8, дзе размяшчаецца сам цэнтр, і па вуліцы Набярэжнай – вакол двухпавярховага будынка, дзе месцяцца два аддзяленні. Разнастаяць кветкі, да таго ж на расаду грошы не трацяць. Кожны член калектыву шчодра дзеліцца ўласнай. А кветнікі сёлета ўпрыгожылі фігуркамі з падручных матэрыялаў. На вуліцы Набярэжнай добраўпарадкавалі другую частку тэрыторыі. Сёння там – два штучныя вадаёмы з дэкаратыўнымі фігуркамі, зроблены фантан. А па-гаспадарску дагледжаныя цяпліцы не першы год разнастаяць меню выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў.

 

 Чарговы свой дзень нараджэння ў кастрычніку Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных вырашыла адзначыць двухтыднёвай акцыяй “Моладзь за бяспеку”, якая пачалася з 12 чысла. Фінальныя мерапрыемствы ў кожным раёне пройдуць 24 кастрычніка.

Пярвічкі арганізацыі створаны ва ўсіх школах раёна. У планах акцыі – дапамога інвалідам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і пажылым людзям, прапаганда здаровага ладу жыцця, прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне пажарнай бяспекі, веданне правіл паводзін у надзвычайных сітуацыях.

 

 Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва збіралі заяўкі ад пажылых людзей на нарыхтоўку і дастаўку бульбы. 77 жыхароў Валожына і Івянца пажадалі набыць “другі хлеб” за ўласныя грошы, але такім чынам. Дарэчы, норм і ніякіх абмежаванняў не ўстанаўлівалі. Па канкрэтных адрасах развезена 8 тон 164 кілаграмы бульбы на суму 22 мільёны 600 тысяч рублёў.

Для гараджан сацыяльныя работнікі нарыхтоўвалі бульбу ў КСУП “Падбярэззе”. Клубні адразу фасавалі ў спецыяльныя сеткі. Гаспадарка выдзеліла транспарт для іх дастаўкі. Праўда, не задумаліся пра тое, што цягаць сеткі ў двары і на розныя паверхі жылых дамоў давядзецца жанчынам-работнікам. Для івянчан нарыхтоўвалі бульбу ў КУП “Сівіца” і ў прыватным сектары.

 

 Новыя віды дзейнасці асвойваюць выхаванцы гурткоў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў Валожыне. У гуртку “Спектр”, якім кіруе Марына Кушнір, вучацца працаваць з новым матэрыялам фоаміранам (успененая замша).

З яго вырабляюць кветкі для ўпрыгажэння абручоў на галаву, заколак, аплікацыі. У двух групах займаюцца адны дзяўчынкі. Самыя малодшыя вучацца ў другім класе. А ў гуртку “Чароўныя ўзоры” педагог дадатковай адукацыі Таццяна Лужынская вучыць сваіх падапечных чараваць з паперай. Школьнікі асвойваюць скрапбукінг і арыгамі.

 

 У першы дзень кастрычніка адбыўся пажар у вёсцы Шэлеўшчына Івянецкага сельсавета. Паведамленне паступіла ў 9.51. Калі да месца выкліку прыбылі пажарныя з ПАВП-16 Івянца, то полымя ўжо бушавала ўнутры жылога дома, адкрытым агнём гарэў дах.

У ходзе ліквідацыі пажару быў выяўлены моцна абгарэлы труп чалавека, як пазней устаноўлена – гаспадара дома. Палявод ААТ “Суднікаўскі” не дажыў да свайго 45-годдзя, якое магло б быць у гэтым месяцы. Са слоў вяскоўцаў, напярэдадні яго бачылі выпіўшым. Пражываў мужчына адзін, курыў, злоўжываў спіртным. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.



Добавить комментарий