Яе мацярынскi скарб

Общество

Жыхарка вёскі Люташ Марыя Уладзіміраўна Стасяловіч лічыць сябе багатым чалавекам. Яе жыццёвы набытак – пяцёра дзяцей, якія самі даўно стварылі сем’і, абагаціўшы матулю зяцямі, нявесткамі і ўнукамі. Унукаў жа жанчына мае аж адзінаццаць! 

Шматдзетнай была і сям’я, у якой Марыя з’явілася на свет. “Мы ж з мужам не планавалі такую колькасць членаў сям’і, але ўзгадваецца адзін момант падчас вяселля. Мой нарачоны сказаў, што нашчадкаў павінна быць двое, а я, любіцелька пажартаваць, прапанавала цыфру пяць. Пазней мы часта ўспаміналі нашу гумарыстычную спрэчку. І з той пары верылі, што кожнае слова, сказанае намі, можа спраўдзіцца».

Пасля таго, як Марыя і Вячаслаў згулялі вяселле, ім прыйшлося на пэўны час развітацца з роднай Валожыншчынай. Малады прапаршчык павінен быў працягваць службу ў Германіі. Там на свет з’явіўся іх першынец. Праз некалькі гадоў маладая сям’я вярнулася на радзіму, тут нарадзіліся тры дачкі і яшчэ адзін сын. Жыць давялося з бацькамі мужа. Адносіны паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў у гэтай сям’і заўсёды будаваліся па прынцыпах узаемнай павагі і жадання дапамагаць.

«На мінулым тыдні мы з мужам маглі б залатое вяселле адзначыць… Ды ўжо адзінаццаць годоў, як я ўдава», – жанчына ўздыхае з сумам, але прыродны аптымізм адразу асвятляе яе твар усмешкай, і яна дадае: “Але ж жыццё працягваецца!”

Марыя Уладзіміраўна пры тым, што заўсёды была клапатлівай маці і жонкай, змагла адбыцца і ў прафесіі. Яшчэ ў дзяцінстве яна выбрала спецыяльнасць бухгалтара. Пасля Ашмянскага сельскагаспадарчага тэхнікума шмат гадоў адпрацавала ў калгасе. Яна і для вяскоўцаў – вечная “хуткая дапамога”. Калі дзе каму патрабуецца падтрымка ці парада, усе ідуць да Марыі.

Вельмі любіць шматдзетная жанчына дзяцей, нават чужых. Дзе б ні сустрэла малечу, не пройдзе міма. Калісьці, у Германіі, нават наладзіла работу тэатральнага гуртка для дзяцей вайскоўцаў.

Марыя Уладзіміраўна – глыбока веруючы чалавек. І хоць ад яе дома да касцёла амаль чатыры кіламетры, службы прапускае рэдка. З вялікай павагай ставяцца ў сям’і і да памяці аб продках. Наведванне могілак для маці, яе дзяцей – не проста адбыванне абавязку. Гэта жанчына, бываючы на могілках у вёсцы Дзясятнікі, ніколі не пройдзе каля помніка невядомаму чалавеку, не паставіўшы свечку. Справа ў тым, што на камні тым выбіты словы “Не прайдзіце міма, прашу Вашай малітвы!”

Традыцыі ў гэтай сям’і – справа святая. На Каляды, Вялікдзень, у Дзень маці, на 8 Сакавіка, у Дні нараджэнняў за вялікім сталом збіраецца ўся сям’я.

Жанчына змагла захаваць і дзівосны свет захапленняў. Яна любіць чытаць (сярод любімых аўтараў – Іван Мележ, Андрэй Макаёнак), з задавальненнем разгадвае сканворды (яе ведам і памяці пазайздросцяць і значна больш маладыя людзі), паважае добрае кіно. Ёсць і яшчэ адна справа, дзеля якой не шкадуе часу, – складанне радаводу. Галоўнае ж у жыцці матулі – яе дзеці. Яны, зразумела, даўно дарослыя. Віталію 47 гадоў, ён ветэрынарны ўрач з выдатнай прафесійнай рэпутацыяй. Дочкам Але, Вользе і Надзеі – 45, 40 і 36. Старэйшая стала педагогам, а сярэдняя і малодшая выбралі прафесію маці. Малодшаму Уладзіміру споўнілася 34, ён лічыцца сямейным “кулібіным”. Нягледзячы на тое, што ў дыпломе мае запіс “повар”, цяжка назваць справу, з якой не справіліся б яго рукі.

Калісьці, яшчэ ў савецкі час, шматдзетная маці была адзначана медалём за мацярынства. Марыя Уладзіміраўна – чалавек вельмі сціплы і не прывыкла выстаўляць сябе напаказ, але са шчымлівым пачуццём гордасці за свой мацярынскі лёс калі-нікалі прычапляе ўзнагароду да святочнага ўбрання.

Я задала дзецям Марыі Уладзіміраўны пытанне: “Аб чым марыць ваша маці асабіста для сябе?”, на якое атрымала адказ: “Мама ніколі не бачыла мора…” Калі такое пытанне атрымала мая гераіня, адказ быў такі: “Мае дзеці думаюць, што я мару аб паездцы на мора. Магчыма калісьці я аб гэтым і думала. Але ж то часу не хапала, то грошай, а зараз… Зараз я мару, каб поўным і прыгожым было іх жыццё, каб спаўняліся іх планы і спадзяванні, у тым ліку і звязаныя з іх вандроўкамі да… мора”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий