Сацыяльнае партнёрства

Официально

Дэпартамент аховы МУС Рэспублікі Беларусь амаль шэсць гадоў з’яўляецца шэфам Чэхаўшчынскай школы-інтэрната.

У свой час ініцыятарам супрацоўніцтва выступіў былы начальнік Дэпартамента Вадзім Іванавіч Сіняўскі. Сёння добрая традыцыя працягваецца пад кіраўніцтвам Сяргея Мікалаевіча Хаменкі. Шмат карысных спраў задумана і рэалізавана Мінскім абласным упраўленнем (кіраўнік Алег Вячаслававіч Царук), Валожынскім аддзяленнем (кіраўнік Дзяніс Вайцехавіч Пачыкоўскі).

Ні адно са свят, якія ладзяцца ў школе, не абыходзіцца без паважаных гасцей, якія, безумоўна, ніколі не прыязджаюць да сваіх падшэфных з пустымі рукамі. Сучаснай мэбляй абсталяваны тры вучэбныя кабінеты, набыта дзесяць тэлевізараў ВК. Дапамаглі шэфы і з абнаўленнем запасу пасцельных рэчаў для выхаванцаў.

У верасні бягучага года праваахоўнікі перадалі школе-інтэрнату воданагравальнік. Як заўсёды, госці з задавальненнем прынялі ўдзел у мерапрыемствах, падрыхтаваных калектывам школы, і самі прадэманстравалі сваім удзячным гледачам пазнавальную праграму. Хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі больш падрабязна пазнаёміцца са спецыфікай будняў тых, каго ведаюць як добрых сяброў. Асаблівую цікаўнасць выклікала выступленне кінолага Вадзіма Журкевіча і яго чатырохногага “напарніка” Багіры.

Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі, таму дазвол пасядзець за рулём спецаўтамабіляў, прымераць спецадзенне і папрактыкавацца ў валоданні спецсродкамі пры дапамозе старшага інспектара Пятра Іванавіча Жылевіча прывёў навучэнцаў, асабліва хлопчыкаў, у сапраўднае захапленне. Хлопчыкі і дзяўчынкі пастараліся аддзячыць сваіх спонсараў рукатворнымі падарункамі. Для шаноўных гасцей былі зроблены памятныя сувеніры з выявай савы. Менавіта гэта птушка з’яўляецца сімвалам Дэпартамента аховы.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

фота прадастаўлены Дэпартаментам аховы і

Чэхаўшчынскай школай-інтэрнатам



Добавить комментарий