Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728 

14 кастрычніка, непасрэдна ў святочны дзень, у аблвыканкаме прайшло ўручэнне ордэнаў Маці жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі па пяць дзяцей. Сярод мнагадзетных маці з усёй Міншчыны былі і прадстаўніцы нашага раёна – Людміла Антонаўна Пупко з аграгарадка Доры і Вольга Данілаўна Мурашка з вёскі Пярэжары Ракаўскага сельсавета. У Дзень маці віноўніцы ўрачыстасці ў поўнай меры адчулі павагу з боку кіраўніцтва вобласці, для іх была падрыхтавана цікавая праграма, жанчыны таксама пабывалі у новым музеі Вялікай Айчыннай вайны.

На Валожыншчыне ордэнам Маці ўзнагароджаны 82 жанчыны. Сёлета такую высокую ўзнагароду за свой мацярынскі подзвіг атрымалі 7 з іх.

 

У бягучым годзе па размеркаванні ў сельскагаспадарчыя арганізацыі нашага раёна прыбылі 29 маладых спецыялістаў. 13 з іх скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю, 16 – сярэднія спецыяльныя. Некаторыя выпускнікі ВНУ і ССНУ – ураджэнцы Валожыншчыны.

Большасць маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй скончылі розныя факультэты Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта – 8 чалавек. Галоўнымі эканамістамі ў КСУП “Сакаўшчына-агра” і ААТ “Агра-Вішнеўскі” прызначаны Яраслаў Міжарэвіч і Станіслаў Лабач. З пасады намесніка галоўнага бухгалтара ў ААТ “Багданаўскае” пачынае свой працоўны шлях Валянціна Рамановіч, а выпускніца Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Вольга Назаранка прызначана на такую ж пасаду ў ААТ “Суднікаўскі”. Сярод спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй 6 чалавек скончылі Навапольскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, 4 – Ашмянскі.

 

З пачатку 2015 года ўстаноўлены 229 аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў у дамах і кватэрах адзінокіх старых людзей і інвалідаў. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткавана 17 мільёнаў 312 тысяч рублёў.

 Апошнія апавяшчальнікі былі ўстаноўлены ў кастрычніку. Асноўны цяжар па іх устаноўцы лёг на плечы работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

 

Дзе ў Валожыне можна бясплатна падключыцца да Wi-Fi? А менавіта без гэтага не ўяўляе сваё паўсядзённае жыццё моладзь, Інтэрнэт ім патрэбен, як паветра, пастаянна. Бясплатна можна карыстацца Wi-Fi ў найбольш наведваемых грамадскіх месцах: у рэстаранах “Іслач” і “Карона”, у кафэ “Царскі двор”, гасцініцы “Карона”, у гандлёвым цэнтры «Еўраопт», у сэрвісным цэнтры па вуліцы 1 Мая, 3 у райцэнтры. На ўсіх заправачных станцыях па трасе і базе адпачынку “Галактыка” ля Ракава.

Больш за 1100 кропак Wi-Fi існуюць ужо ў арганізацыях раёна і непасрэдна ў жылым сектары.

Аднак, як зазначылі ў раённым вузле электрасувязі, кропка ля райвыканкама, каб можна было працаваць з сучаснымі гаджэтамі непасрэдна ў скверы на плошчы, нечакана аказалася незапатрабаванай.

 

У канцы верасня ў Нясвіжы прайшло першынство Мінскай вобласці па міні-баскетболе сярод юнакоў 2004-2005 гадоў нараджэння. Наша каманда заняла першае месца і будзе прадстаўляць Міншчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Трэніровачныя зборы праводзіліся ў Валожыне пад кіраўніцтвам трэнера Леаніда Хвядчэні.

Першынство раёна па міні-футболе сярод юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння прайшло ў спартыўнай зале гімназіі. У ім прынялі ўдзел чатыры каманды. Чэмпіёнамі раёна сталі юныя футбалісты Багданаўскай сярэдняй школы. Другое і трэцяе месцы занялі каманды гімназіі і сярэдняй школы № 1.

 

З пачатку бягучага года ў дамы-інтэрнаты агульнага тыпу адпраўлены 3 старыя жыхары нашага раёна, у дама-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю – 6 чалавек. Дарэчы, каб трапіць у апошнія дамы-інтэрнаты, патрэбна “выстаяць” у чарзе. Сваёй чаргі чакаюць яшчэ 3 чалавекі.

Запоўнены і сацыяльныя ложкі. Яны найбольш запатрабаваны ў халодны час года. Старыя нямоглыя людзі знаходзяцца на сацыяльных ложках ад 1 да 3 месяцаў, здараецца і больш. У Івянецкай гарпасялковай бальніцы з 14 сацыяльных ложкаў запоўнены пакуль што 11. У Ракаўскай маюцца 10 сацыяльных ложкаў, а знаходзяцца там зараз 8 чалавек. У Пяршайскай бальніцы сястрынскага догляду запоўнены ўсе 25 ложкаў. Там дажываюць свой век 11 мужчын і 14 жанчын.



Добавить комментарий