Шляхамi славутага Агiнскага…

Культура

(пачатак тут)

«Застаўся ў тыле з атрадам кавалерыі, каб заўважыць рух непрыяцеля. Перайшоўшы мост, сказаў афіцэру, якога пазаставіў разам з некалькімі дабравольцамі, гэты мост спаліць. Належала дапусціць, што маскалі не змогуць перайсці гэту балоцістую мясціну ў брод, затрацяць многа часу на пракладку сабе дарогі і не змогуць так шыбка нас даганяць.

Выступілі далей, прыгнечаныя стомай, але спадзеючыся злучыцца з галоўнай кватэрай, пра якую судзілі, што яна знаходзіцца за 4-5 міль. Не ведалі дакладна, дзе яе знайсці, паколькі некалькі кур’ераў, якіх там жа адправіў з некалькімі маімі рапартамі і весткамі аб кірунку маршу, якім пусціўся, не маглі вярнуцца і прывезці мне якіх-небудзь указанняў.

Ледзь толькі прыбыўшы да Вішнева, даведаўся, што наш авангард пад камандаваннем брыгадзіра Юзафа Ваўжэцкага і палкоўніка Гаркоўскага вымушаны адысці ў бор, аказаўшы слабае супраціўленне пераўзыходзячаму па сіле корпусу пад камандаваннем генерала Ціцыянава, што галоўная кватэра не пакінула свайго раскватаравання і што не можа прыслаць мне падмацавання, таму што трэба трымаць абарону, а напрыканцы, у дапаўненне меры няшчасця, паведамлена мне, што афіцэр Вайцяхоўскі, якому я загадаў спаліць мост на Бярэзіне, загадаў толькі зняць з яго дошкі і паспешна адышоў, выстаўляючы мяне на шыбкую пагоню і атаку маскалёў, якіх пакінулі ззаду.

Наступіла тое, што перад гэтым немагчыма было дапусціць. Менавіта ў тую хвіліну, калі казаў затрымаць усе абозы, з’ехаўшыя з гары пад Вішневам, і шукаў на карце дарогі, якой мне трэба было пусціцца, не могучы ісці праз Боніны, значны атрад казакоў разам з палком Мікалая Зубава праляцеў галопам праз мястэчка Вішнеў, пасёк некалькі маіх афіцэраў і марадзёраў, якія там засталіся і на якіх напалі неспадзявана. Каля 3000 чалавек з корпуса Кноррынга атакавалі нас з гарматамі з мэтай акружыць.

За першым знакам трывогі кінуўся на непрыяцеля, але хіба толькі 20 чалавек рушыла за мною. Паколькі кавалерыя ўцякла. Стральцы мае сабраліся даць хоць які-небудзь адпор і затрымаць на які-небудзь час назойлівасць маскоўскай кавалерыі. Але ў канцы былі вымушаны адысці ў кусты, адкуль не перастаючы давалі агонь па непрыяцелю. Пасунуўшыся неразважліва наперад, займеў прабіты кулямі капялюш і немінуча бы загінуў, калі б афіцэр па прозвішчы Паўловіч не ўхапіў майго каня за цуглі і не вымусіў вярнуцца.

Страціў у гэтай расправе ўсе абозы, захопленыя ў Івенцы, сваю касу, якая ўтрымлівала 7000 дукатаў золатам, многа каштоўных для мяне прадметаў і ўсе мае паперы. Дванаццаць кавалерыстаў, каля 20-і дабравольцаў, 25 стральцоў і ўсе мае слугі забіты. За чвэрць мілі ад месца, дзе нас атакавалі, адшукалі сваю кавалерыю, якая рассеялася.

Мужны маёр Корсак, конь якога пранёс сярод шэрагаў непрыяцеля, вярнуўся да нас. А я, прамовіўшы да салдат, настаяў, каб вярнуцца і забяспечыць прынамсі адступленне нашых стральцоў.

На самай справе мне ўдалося вывесці з сабой каля 150 чалавек. Хоць і бачылі мы ўсе абозы, акружаныя з боку Вішнева, стральцы мае адышлі ў лясы, а конніца непрыяцельская рухалася па нашых баках, каб нас акружыць і перашкодзіць нашаму адступленню. Было зразумела, што трэба адысці яшчэ раз і зрабіць гэта ў добрым парадку, не страціўшы ніводнага чалавека.

Мелі многа цяжкасцей у тым, каб знайсці папярэднюю дарогу, якая б прывяла нас да стану нашай арміі. Вырваўшыся з клешчаў корпуса Кноррынга, былі занепакоены некалькі гадзін праз моцныя патрулі корпусу Ціцыянава. У канцы канцоў, пры наступленні ночы нам удалося злучыцца з авангардам нашай арміі ў Крэве.

Ранкам наступнага дня адбыў у галоўную кватэру, якая, як і раней, была ў Ашмяне. Генерал Ясінскі і мужныя афіцэры яго арміі, якія ўжо не спадзяваліся мяне ўбачыць, прынялі мяне ў спосаб вельмі сяброўскі, дакаралі за маю смеласць і стараліся пацешыць мяне з поваду маіх паражэнняў, якія я панёс.

Праз дваццаць чатыры гадзіны сустрэў маіх стральцоў, што вярталіся, у добрым парадку, нягледзячы на цяжкасці, перанесеныя ў лясах і на непадыходзячых дарогах.

Потым неадкладна выехаў у Вільню, дзе прыязны спосаб, якім я быў прыняты, даў мне повад да думак аб новых рызыкоўных справах”.

Пасля паходу на Валожыншчыну М. К. Агінскі зрабіў рэйд да Дынабурга, дзе змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля таго, як рускія войскі занялі Вільню, праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у паўстанні расейскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.

У эміграцыі ён жыў у Вене, Венецыі, Парыжы, Стамбуле. Пасля ўступлення на Расійскі прастол Аляксандра Першага атрымаў магчымасць вярнуцца на радзіму і працягнуць грамадска-палітычную і культурніцкую дзейнасць. Пасля прысягі на вернасць імператару яму вярнулі ранейшыя маёнткі.

У 1810 годзе атрымаў пасаду сенатара і чын тайнага саветніка, ордэны св. Уладзіміра і Аляксандра Неўскага. Неаднойчы сустракаўся з імператарам Аляксандрам у Пецярбургу, Вільні, Магілёве і Віцебску, распрацаваў і падаў яму план аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расійскай імперыі, якое мусіла б аб’яднаць восем губерняў. Але імператар адхіліў гэты праект.

У чэрвені 1812-га Міхал Клеафас з’ехаў на ўсход разам з расейскімі войскамі, жыў у Пецярбургу. Пасля вайны вярнуўся ў Залессе, дзе заставаўся да 1822 года, пакрысе адыходзячы ад спраў. У 1823-м разам з сям’ёй выехаў у Італію, дзе жыў у Фларэнцыі. Там ён і памёр 15 кастрычніка 1833 года. Пахаваны ў пантэоне Санта Крочэ.

 

Ігар СОЛТАН,

бібліятэкар Івянецкай бібліятэкі



Добавить комментарий