Тэатр для ўсiх

Культура

Дзяцінства – цудоўная пара ў жыцці чалавека. Менавіта ў дзяцінстве хочацца гуляць з цацкамі.

Хлопчыкі гуляюць з машынкамі, а дзяўчынкі – з лялькамі. А як цікава, калі раптам гэта лялька ажывае ў тваіх руках, размаўляе тваім голасам і можа здзівіць сяброў і дарослых. Менавіта такі цуд пераўвасаблення і падштурхнуў на ідэю стварэння гуртка “Тэатр лялек” на базе аддзялення прытулку раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Амаль усе дзеці жадаюць прыцягнуць да сябе ўвагу. Аднак многія з іх, не валодаючы сцэнічнай мовай ці камплексуючы наконт сваёй знешнасці ці па іншых прычынах, саромеюцца ўсеагульнай увагі. Тым не менш, так хочацца, каб цябе заўважылі, табой захапляліся, дасылалі апладысменты. Раскрыць сябе, не баяцца зносін з аднагодкамі ці дарослымі, быць упэўненымі – гэтыя праблемы і захацелася дапамагчы вырашыць выхавацелям, ствараючы лялечны гурток. Рэпетыцыі праводзяцца раз у тыдзень. Не так проста прымусіць ляльку рухацца, дзеля гэтага патрэбны натрэніраваныя пальчыкі. Таму перад кожным заняткам маленькія артысты размінаюць іх пры дапамозе кінетычнага пяску.

Праект “Тэатр для ўсіх” захапіў як работнікаў цэнтра, так і яго выхаванцаў, бо гэта так здорава – мець свой уласны тэатр! Побач з дзецьмі заўсёды вопытныя настаўнікі, а ўсе разам яны і артысты, і касцюмеры, і дэкаратары. Толькі ўявіце сабе, наколькі гэта цікава: ты – у вобразе лялькі?! Сам схаваны за шырмай, а твая душа цяпер не ў табе, а ў тваёй ляльцы. Гэта і гульня, і работа, і прызнанне. Яна дапамагае дзецям забыцца пра асабістыя праблемы, недахопы, з карысцю праводзіць час, знаходзіць новых сяброў, а галоўнае – знаходзіць сябе.

Праект ужо рэалізуецца. Набыта абсталяванне для тэатральных пастановак. Пачаліся рэпетыцыі першага міні-спектакля “Тры парасяці”. У ім выхаванцы аддзялення прытулку і дзіцячага дома сямейнага тыпу не проста ажыўляюць лялек, але і спрабуюць сябе як вакалісты і танцоры. Спадзяёмся, што ў кастрычніку ў нас адбудзецца першае маленькае прадстаўленне, якое не толькі прынясе радасць, але і зацікавіць іншых дзяцей. Бо наш тэатр – для ўсіх!

Акцябрына АНТОШКІНА,

выхавальнік аддзялення прытулку раённага

сацыяльна-педагагічнага цэнтра



Добавить комментарий