Кастрычнiцкiя эцюды Рушчыца

Культура

“…Жадаю быць добрым сынам сваёй Айчыны, для яе працаваць, ёй аддаць свой плён, сябе, бо люблю яе ўсім сэрцам сваім і ёй толькі належу і целам, і душой…”

Фердынанд Рушчыц

У 145-ы год са дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца на яго радзіме, у вёсцы Багданава, ды і па ўсёй Валожыншчыне дрэвы не спяшаліся развітацца з лістотай. Да Пакроваў заставаўся тыдзень, а краявіды радавалі густой зелянінай, толькі злёгку пацягнутай пазалотай восеньскіх фарбаў. Здавалася, што наваколле наўмысна закансервавалася для пленэру мастакоў “Зямля і неба Фердынанда”…

У той дзень сонца шчодра разлілося яркім святлом з самай раніцы, дазволіўшы мастакам разгледзець хараство прыроды і пакінуць яго адбітак на палатне. Гатовыя ж карціны ўпрыгожаць музей Рушчыца. Экспазіцыю плануецца адкрыць да 2016 года. Свае работы з пленэру рыхтуюць народныя мастакі Беларусі Кастусь Качан, Алесь Суша, Уладзіслаў Васюк, Ігар Бархаткоў, Аляксандр Лубнеўскі і мастак з Беласточчыны Уладзіслаў Пятрук. Дарэчы, госць з Польшчы прызнаўся: калі атрымаў запрашэнне ад беларускіх калег па цэху, то вельмі здзівіўся, бо быў упэўнены, што Фердынанд Рушчыц польскага паходжання. Адкрыццём для гэтага немаладога чалавека стала і тое, што Міхал Клеафас Агінскі і Станіслаў Манюшка таксама нарадзіліся, жылі і працавалі на Беларусі.

Падчас пленэру мастакі з раніцы разышліся ў пошуках натхнення па наваколлі, а бліжэй да полудня сабраліся ў мясцовым Доме культуры. Культработнік Сяргей Сівы і Святлана Матус, а таксама настаўніцы Алена Каравайская і Святлана Буйко падрыхтавалі невялічкую, але вельмі кранальную і дасціпную прэзентацыю жыцця і творчасці Фердынанда Рушчыца.

Усплёск эмоцый выклікала сцэна дыялогу мастака са сваім нашчадкам, ролю якога сыграў школьнік Уладзіслаў Яблонскі. Хтосьці з прысутных не ўстрымаўся і ўсклікнуў: “Паглядзіце, якое падабенства ў тварах артыстаў і самога мастака!..”

І сапраўды, хочацца верыць, што мы годныя спадчыннікі нашых слаўных прашчураў!

Алена ЗБІРЭНКА, фота аўтара

 

 

Дырэктар Нацыянальнага

мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір ПРАКАПЦОЎ:

– Хачу падзякаваць гасцінным гаспадарам, якія аказалі дапамогу ў правядзенні пленэру: начальніку аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовічу, старшыні сельвыканкама М. І. Траццяк, настаўніцы С. М. Буйко, работнікам культуры, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца асобай Фердынанда Рушчыца. Гэта выбітны сын нашай зямлі, і мы павінны не толькі ганарыцца ім, але і шмат папрацаваць: стварыць музей, аднавіць сядзібу. І, вядома ж, вывучаць яго багатую спадчыну. У славутай Траццякоўская галерэі захоўваецца дыпломная работа мастака “Вясна”. Гэта карціна з нагоды юбілею Рушчыца некаторы час будзе выстаўляцца ў нашым музеі. Можна будзе пазнаёміцца і з работамі яшчэ аднаго выдатнага мастака з Беларусі – Станіслава Жукоўскага, імя якога таксама патрэбна вярнуць яго землякам.

 

 

Кіраўнік Беларускага саюза мастакоў

Рыгор СІТНІЦА:

– Мяне асабліва радуе тое, што на радзіме славутага земляка вядзецца вялікая асветніцкая работа і культурнае выхаванне дзяцей і моладзі. Падрастаючае пакаленне павінна добра знаць багатую гісторыю свайго краю, сваіх славутых землякоў. Духоўнасць – гэта той пласт, без якога немагчыма станаўленне нацыі, яе жыццёвых прынцыпаў. За нашымі плячамі – старажытная, тысячагадовая спадчына, якую нельга адкінуць, забыць, зруйнаваць. Веру, што з’явіцца патрэба аднавіць у Багданаве той драўляны касцёл у барочным стылі, сядзібу Рушчыца.

А самых юных удзельнікаў мерапрыемства заклікаю запомніць гэты дзень. Пройдуць дзесяцігоддзі, і вы абавязкова раскажаце сваім дзецям, што з гэтымі вядомымі мастакамі вы сустракаліся, што вас сабраў разам славуты Фердынанд Рушчыц.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *