IV фестываль руска-польскага раманса ў горадзе Легніцы

Культура

Вялікім гала-канцэртам завяршыўся IV фестываль руска-польскага раманса ў горадзе Легніцы (Польшча). Да ўдзелу ў ім быў запрошаны народны інструментальны ансамбль “ARS LONGA” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

 Нашых артыстаў горача віталі ў вялікіх і малых гарадах Легніцкага ваяводства. 

Маладыя выканаўцы мелі гонар выступаць на адной сцэне з вядучымі салістамі польскай оперы, эстраднымі калектывамі, былі вельмі сардэчна прыняты польскай публікай. У іх выкананні гучалі не толькі папулярныя мелодыі “Очи черные”, “Калитка”, “Две гитары”, “Напрасные слова”, але і беларускія “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Рэха жураўлінае”, творы М.-К. Агінскага, Міхала Грушвіцкага.

Оперная дзіва Эльжбета Качмарэк-Янчак, голасам якой быў узрушаны Пласіда Дамінга, была вельмі ўражана ўзроўнем выканальніцкага майстэрства нашых музыкантаў і нават прапанавала піяністцы ансамбля Ірыне Афонінай акампаніраваць ёй на гала-канцэрце. А вядомы польскі барытон, прафесар Варшаўскай Акадэміі музыкі Веслаў Беднарэк прапанаваў запісаць з “ARS LONGA” сумесны альбом. Салістка ансамбля Юлія Скурко зачаравала ўсіх выкананнем песень на польскай, беларускай, рускай, англійскай і італьянскай мовах, удзячная публіка неаднаразова выклікала яе на біс. Падчас канцэртаў артыстаў і гледачоў аб’ядноўвала любоў да музыкі, да рускага раманса. Сярод гледачоў былі і выхадцы з Беларусі.

Ініцыятыва арганізацыі фестывалю належыць грамадскаму культурнаму аб’яднанню “Крайобразы” (“Krajobrazy”) пад кіраўніцтвам Тадэвуша Самборскага. Пан Самборскі сам закаханы ў рускі раманс і зараз аб’ядноўвае вакол сябе неабыякавых людзей, якія дапамагаюць у правядзенні фестывальных мерапрыемстваў. Фестываль з кожным годам пашырае свае межы і стаў ужо адметнай з’явай не толькі ў Легніцы, але і ва ўсім рэгіёне. Арганізатары паклапаціліся, каб госці адчувалі сябе, як дома, пазнаёмілі іх з гісторыяй і культурай свайго краю.

Старшыня Валожынскага раённага аддзела грамадскай арганізацыі “Польска Мацеж Школьна” Ала Макарэвіч суправаджала ансамбль у гастрольным туры. Прадстаўляючы калектыў, знаёміла прысутных з Беларуссю, распавядала пра знакамітых людзей, звязаных з Валожыншчынай: з мастаком Ф. Рушчыцам, кампазітарам Міхалам Грушвіцкім, пісьменнікам Сяргеем Пясецкім, чые імёны добра вядомы і палякам.

У заключным канцэрце прымаў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы Аляксандр Авяр’янаў. Ён, дарэчы, выканаў са сцэны пад гітару некалькі рамансаў. Спадар Пасол адзначыў высокі прафесіянальны ўзровень усіх выканаўцаў, выказаў словы падзякі арганізатарам фестывалю. Дыпламат падтрымаў ідэю пашырэння рамак фестывалю, тым больш, што такія мерапрыемствы спрыяюць развіццю і мацаванню добрасуседскіх адносін, а таксама яны могуць стаць асновай для іншых адукацыйна-культурных праектаў.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий