Дзень маці

Общество

На мінулым тыдні Дзень маці адзначылі і ў самым мужчынскім калектыве раёна – воінскай часці 30695. Урачыстасць прайшла ва ўтульным пакоі правядзення вольнага часу, куды былі запрошаны афіцэры, прапаршчыкі, салдаты тэрміновай службы і, вядома ж, жанчыны, якія выбралі сабе ваенную прафесію.

Лейтэнант Вадзім ЦЕМАШКЕВІЧ і старшы лейтэнант Віктар МАКЕЙ віншуюць калег-жанчын са святам
Лейтэнант Вадзім ЦЕМАШКЕВІЧ і старшы лейтэнант Віктар МАКЕЙ віншуюць калег-жанчын са святам

У той дзень ім дазволілі знаходзіцца на тэрыторыі часці не ў форме, а ў цывільных сукенках і касцюмах. З нагоды свята жанчыны-ваеннаслужачыя атрымалі яшчэ і такі падарунак, як дадатковы выхадны. Былі і кветкі. Іх разам з усмешкамі і віншавальнымі словамі ўручылі напачатку мерапрыемства.

Камандзір часці палкоўнік С. В. Галіеў падзякаваў жанчынам-калегам за службу, а начальнік штаба палкоўнік А. У. Макараў зачытаў Загад аб узнагароджанні падзякамі і граматамі лепшых сярод іх.

Кожны чалавек бязмежна любіць сваю дарагую матулю, але з асаблівай моцай гэта пачуццё дае аб сабе знаць падчас доўгай разлукі з самым родным чалавекам. Таму канцэртная праграма з удзелам салдат тэрміновай службы была надзвычай лірычнай і кранальнай. Мамам хлопцы спявалі песні, чыталі вершы. Стараліся так, быццам бы іх матулі былі тут, побач. Недахоп артыстычнага майстэрства цалкам кампенсаваўся шчырасцю.

Застаецца спадзявацца, што і любоў да Радзімы ў армейскім асяроддзі такая ж сапраўдная і непадкупная.

Для таго, каб Дзень маці прайшоў на ўзнёслай ноце, пастаралася начальнік клуба часці Л. А. Бітэль. Ёй дапамагалі радавыя і сяржанты тэрміновай службы. Для большасці з іх гэта было дэбютным выступленнем, а такое з памяці не сціраецца…

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара



Добавить комментарий