Фiнансавы зруб

Закон и порядок

У жаданні разбагацець няма нічога крымінальнага. А вось падчас яго ажыццяўлення ў сутычкі з законам трапляюць многія.

Узрост Канстанціна (імя героя зменена) набліжаўся да паўвекавога юбілею. Меў ён сям’ю, дзяцей, работу, нядрэнную кватэру ў сталіцы, прыстойную іншамарку. Магчыма, іншы б на яго месцы жыў і радаваўся, але Канстанціну ўсяго гэтага было мала. Ён хацеў мець многа грошай і разумеў, што столькі яму не зарабіць, нават калі будзе працаваць суткамі. Бачыў, што дзеля багацця некаторыя ідуць на крадзяжы, грабеж, забойствы. Але хіба гэта выйсце? Такія злачынствы міліцыя звычайна хутка раскрывае, а сядзець на нарах Канстанцін не збіраўся. Ды нездарма кажуць, што і хітры ліс у пастку трапляе…

Схему свайго злачыннага замыслу Канстанцін “зрысаваў” з будаўніцтва фінансавых пірамід тыпу “МММ”: адны кліенты часткова вяртаюць грошы іншым. Ён яшчэ і ўдасканаліў гэту даволі банальную канструкцыю: замаскіраваўся пад прыватнае прадпрыемства на тэрыторыі Валожынскага раёна па выкананні праектных і будаўнічых работ. Даволі хутка задуманая афера пачала набіраць абароты.

З матэрыялаў крымінальнай справы: “К. наўмысна заключыў з жыхаром Маладзечанскага раёна дагавор на распрацоўку эскізнага праекта, выраб і мантаж зруба на суму 7000 долараў. У той жа дзень атрымаў у выглядзе папярэдняй аплаты 4000 долараў, маючы намер не выконваць умоў дагавора і, карыстаючыся даверам кліента, прысвоіць грошы сабе…”

Колькі за год махляр склаў падобных дагавораў, не ўдалося ўстанавіць нават следству. У пошуках чарговай ахвяры Канстанцін калясіў па розных рэгіёнах рэспублікі, не цураўся “разводзіць” жыхароў абласных цэнтраў, г. Мінска. Тыя, з каго браў “папярэднюю аплату” ў невялікіх памерах, за дапамогай у міліцыю проста не звярталіся.

І ўсё ж у поле зроку праваахоўнікаў Канстанцін трапіў: людзі пачалі скардзіцца. Толькі злавіць злачынца за руку і даказаць факт махлярства ніяк не атрымлівалася. Нейкі час добрай “адмазкай” яму служылі спасылкі на часовыя матэрыяльныя цяжкасці, вялікі наплыў заказаў і інш. У некаторых выпадках Канстанцін нават прывозіў на ўчастак кліенту вянкоў колькі зруба, каб стварыць падманную карцінку “кіпучай дзейнасці”. Потым той жа зруб перавозіўся ў іншае месца. Самым настойлівым праўдашукальнікам Канстанцін вяртаў грошы, але тут жа набіраў новых кліентаў. Раслі і сумы прысвоеных грошай.

Цікава, што нашы людзі, нягледзячы на даступнасць разнастайнай інфармацыі, усё яшчэ хварэюць на даверлівасць і легкадумства. Фірма Канстанціна, як і належыць, мела свой сайт у інтэрнэце. Там амаль не было станоўчых водгукаў! Да таго ж у раённай газеце некалькі разоў з’яўляліся аб’явы аб накладанні арышту на маёмасць фірмы, але і гэта заставалася па-за ўвагай патэнцыяльных кліентаў. Перад абаяннем Канстанціна не маглі ўстаяць ні маладыя, ні пажылыя, ні мужчыны, ні жанчыны. Ад пенсіянеркі з Мінска яму перапала 4500 долараў, ад жанчыны, якая знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцем да трох гадоў, яшчэ 1000 “зялёных”. Злачынец проста купаўся ў даверы! Відаць, прыемна плыць па грашовых патоках і яшчэ грэбсці пад сябе…

З матэрыялаў крымінальнай справы: “Працягваючы свой злачынны намер, ён заключыў 07.02.2015 у г. Мінску дагавор падраду на распрацоўку эскізнага праекта, выраб і мантаж зруба жылога дома з грамадзянінам С. на суму 16000 долараў і ў той жа дзень атрымаў папярэднюю аплату ў памеры 5000 долараў, што склала 77000000 рублёў. А 04.05.2015 запатрабаваў ад С. другую частку папярэдняй аплаты таксама ў памеры 5000 долараў ЗША”.

Умовы дагавораў далей за папяровыя рамкі не выходзілі, а чужыя грошы траціліся махляром на ўласныя патрэбы.

Яго не хвалявала тое, што на адрас фірмы ўсё часцей прыходзяць павесткі ад судовых прыставаў, што ўчастковы інспектар міліцыі штодня з’яўляецца на парозе, што вытворчым працэсам цікавяцца супрацоўнікі групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Ведаў Канстанцін і быў гатовы да таго, што яго могуць пакараць за нядобрасумленнае выкананне дагавораў штрафам. А вось факт махлярства па яго цудоўнай схеме хай яшчэ паспрабуюць даказаць!

Але недаацаніў Канстанцін міліцэйскую службу. У Валожынскім РАУС разгадалі яго крымінальны “рэбус” без астатку. Супрацоўнікі групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю праверылі фінансавыя патокі фірмы, закупку сыравіны, партнёрскія стасункі, занятасць рабочых і іх графік, наяўнасць інструментаў і абсталявання. Сабраныя доказы сведчылі, што Канстанцін наўмысна падманваў людзей: не збіраўся ён выконваць свае абавязкі перад кліентамі, як і вяртаць атрыманыя падманным шляхам грошы. Дарэчы, даказана, што па сямі раскрытых фактах яму перапала 435000000 беларускіх рублёў.

Усё гэта дало падставу праваахоўнікам узбудзіць супраць Канстанціна крымінальную справу па частцы 4 артыкула 209 – махлярства ў асабліва буйным памеры, што прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий