Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728 

 У Дзень маці работнікі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання правялі традыцыйную дабрачынную акцыю “Дзень добры, малы!” у радзільным аддзяленні раённай бальніцы.

Віншаванні прымалі тры маці, якія нарадзілі двух хлопчыкаў і дзяўчынку. Жанчынам-парадзіхам былі ўручаны наборы рэчаў для нованароджаных.

 

З нагоды Дня работнікаў культуры падзяка старшыні райвыканкама за шматгадовую, добрасумленную работу, плённую грамадскую дзейнасць, асабісты ўклад у развіццё культуры ў Валожынскім раёне была аб’яўлена бібліятэкару Гародзькаўскай сельскай бібліятэкі Марыі Францаўне Сярэдзіч, бібліятэкару Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірыне Геранімаўне Танюкевіч і дырэктару Бабровіцкага культурна-спартыўнага цэнтра Ларысе Вітальеўне Тур.

 

Не з мэтай праверкі супрацьпажарнага стану, а з віншаваннямі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі 14 кастрычніка 32 сям’і ў розных населеных пунктах раёна. Для жанчын-маці яны падрыхтавалі віншавальныя паштоўкі.

Падчас акцыі “Шчаслівая сям’я – бяспечная сям’я” кожнай з жанчын, захавальніц сямейнага ачага, былі ўручаны кнігі-памяткі “Бяспека вашых дзяцей”. На 28-і старонках спецыяльнага выдання даступна расказваецца, як трэба паводзіць сябе ў асабліва складаных жыццёвых сітуацыях, напрыклад, пры пажарах, у гарадскім транспарце, пры карыстанні бенгальскімі агнямі, дзе і як схавацца ад маланкі.

 

 З пачатку бягучага года, калі ўступіў у дзеянне адпаведны ўказ Прэзідэнта краіны, за налічэннем мацярынскага капіталу ў райвыканкам звярнуліся 43 жанчыны, якія нарадзілі трэцяе і наступнае дзіця.

Мацярынскі капітал у суме 10 тысяч долараў ЗША налічваецца адзін раз на сям’ю. Гэта праграма разлічана на 5 гадоў. Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама адзначылі, што рыхтуюцца неабходныя дакументы для налічэння мацярынскага капіталу і адкрыцця банкаўскіх дэпазітных рахункаў на яшчэ чатыры сям’і.

 

 У першай дэкадзе кастрычніка ў Вілейцы адбыўся рэгіянальны фестываль творчасці грамадзян пажылога ўзросту “І гады не бяда, калі сэрца спявае” ў рамках праекта “Мост”. У ім прынялі ўдзел пажылыя людзі з Вілейскага, Валожынскага, Мядзельскага і Мінскага раёнаў.

З дыпломамі рэгіянальнага фестывалю і шматлікімі падарункамі вярнуліся ў Валожын члены клубаў “Залатая восень” і “Лэдзі”, створаных пры аддзяленні дзённага знаходжання пажылых людзей раённага тэрытарыяльнага цэнтра. Свае вершы чытала член літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” і клуба “Залатая восень” Марыя Антонаўна Шакун. На творчай выстаўцы жыхаркі райцэнтра прадставілі свае работы з салёнага цеста, вышыўкі стужкамі і іншыя. А найбольш уразіў прысутных флэш-моб “Хапай хвалю!”, дзе жанчыны прадэманстравалі спартыўны азарт і малады спрыт.

 

 Пяць дзяцей-сірот і жанчыны пажылога ўзросту правялі свята “Дары залатой восені” ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей.

Разнастайныя конкурсы, падрыхтаваныя старэйшым пакаленнем, сталі адначасова гульнёй і як бы перадачай жыццёвага вопыту. 500 тысяч рублёў было выдаткавана ў той дзень на прызы, якія знайшлі сваіх уладальнікаў.

 

 Завяршыўся раённы этап Алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Яе мэта – у рамках дзелавога супрацоўніцтва Мінскай вобласці з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі ўмацаванне сяброўскіх сувязей, павышэнне цікаўнасці вучняў да вывучэння культурнай і гістарычнай спадчыны двух брацкіх народаў.

На наступны этап Алімпіяды ў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі адпраўлены работы пераможцаў. Першае месца занялі гімназістка Дар’я Лугіна (кіраўнік Т. І. Саевіч) і вучаніца СШ № 2 райцэнтра Настасся Стэльмах (кіраўнік Н. І. Вайткевіч), другое – Настасся Саломка з Гародзькаўскага ВПК (кіраўнік Т. У. Саломка) і Аляксандра Дубатоўка з Пяршайскага ВПК (кіраўнік Я. М. Іваноўская), трэцяе – вучаніца Сакаўшчынскага ВПК імя В. Каваленкі Кацярына Садоўская (кіраўнік Л. І. Гарбачэўская).



Добавить комментарий