Абярэг пешахода

Закон и порядок

 Да 25 кастрычніка ў вобласці праходзіць прафілактычная акцыя “Стань прыкметным!”. Мэта мерапрыемства – зніжэнне ДТЗ з удзелам пешаходаў, папулярызацыя святлоадбівальных элементаў, прапаганда бяспекі дарожнага руху.

На тэрыторыі раёна сёлета адбылося 5 ДТЗ з удзелам пешаходаў, у якіх 4 чалавекі загінулі, а 2 атрымалі траўмы. Так, 6 кастрычніка на 85 км аўтадарогі Мінск-Гродна, непадалёку вёскі Рум, вадзіцель аўтамашыны “Вольва” наехаў на пешахода з веласіпедам. Па папярэдніх звестках, пешаход знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і не быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі.

Найбольшая колькасць падобных ДТЗ адбываецца ў асенне-зімовы перыяд. Не сакрэт, што, як толькі пачынае змяркацца, бачнасць на дарогах рэзка падае, а пасля захаду сонца і наогул становіцца практычна нулявой. Сітуацыю ўскладняюць самі пешаходы, якія спадзяюцца, што вадзіцель заўважыць іх у святле фар. Між тым эксперыментальна даказана, што чалавека ў цёмным адзенні можна ўбачыць з салона аўтамабіля толькі за 25-30 метраў. Пры хуткасці 60 км/г за секунду аўтамабіль праязджае 17 метраў. Так што наўрад ці ў вадзіцеля хопіць часу своечасова зрэагаваць, затармазіць або аб’ехаць. Пры гэтым пешаходы не заўсёды прытрымліваюцца абочыны, часам яны выходзяць і на праезную частку вуліцы.

Здараюцца наезды на пешаходаў паблізу аўтобусных прыпынкаў, на пераходах, скрыжаваннях. Групу рызыкі складаюць і такія ўдзельнікі руху, як веласіпедысты, кіроўцы гужавых павозак. Для ўсіх гэтых катэгорый абазначаць сябе флікерамі ў цёмны час сутак жыццёва неабходна! Гэта агаворана і ў Правілах дарожнага руху. Так, у адносінах да пешахода, які ў цёмны час сутак рухаецца па праезнай частцы дарогі без флікера, прымяняецца адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 3-х базавых велічынь. Штраф можа быць і большым, калі будзе даказана, што вы стварылі аварыйную сітуацыю, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення або з-за вас нехта пацярпеў.

Асабліва хочацца звярнуцца да бацькоў: паклапаціцеся пра бяспеку сваіх дзяцей! Абавязкова прычапіце ім на ранец ці куртку святлоадбівальны значок.

У супрацоўнікаў службы ДАІ да жыхароў раёна ёсць і такая просьба: тэлефануйце на нумар “102” і паведамляйце пра тых, хто парушае Правілы дарожнага руху або знаходзіцца на праезнай частцы дарогі без флікера.

Андрэй ЖУДРЫК,

старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *