Па шляху да прафесiяналiзму

Официально

Ва ўстановах адукацыі раёна прайшоў педагагічны марафон «Творчы, навуковы, прафесійны патэнцыял сучаснага педагога». Ён спрыяў прафесійнай самарэалізацыі, развіццю творчага патэнцыялу, павышэнню педагагічнага і метадычнага майстэрства.

У прыватнасці, у ДУА “Пяршайскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» прайшла прэзентацыя «Сучасны настаўнік у сучаснай школе» метадычнага аб’яднання настаўнікаў-прадметнікаў пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі А. В. Загорскай. Госці мерапрыемства наведалі адкрыты ўрок беларускай літаратуры ў 7 класе (настаўнік Я. З. Калясінская). Абмен меркаваннямі адбыўся на выставе метадычных распрацовак. Захопленасць і індывідуальнасць педагогаў удзельнікі марафону ўбачылі на выставе работ, дзе былі прадстаўлены кампазіцыі з раслін, габелены, вышыўка крыжыкам. У завяршэнні сустрэчы Я. М. Іваноўская – намеснік дырэктара – прапанавала ўдзельнікам пяціхвіліннае эсэ «Калі мы будзем вучыць сёння так, як мы вучылі ўчора, мы ўкрадзем у нашых дзяцей заўтра».

У гімназіі № 1 удаўся Дзень школьнага бібліятэкара. У яго рамках прайшло адкрытае мерапрыемства «Паэтычная Валожыншчына». На яго былі запрошаны ўдзельнікі літаб’яднання «Рунь» Валянціна Гіруць-Русакевіч, Марыя Шакун, Наталля Жылевіч і бібліятэкары ўстаноў адукацыі раёна. Прагучалі вершы маладых паэтаў раёна і навучэнцаў гімназіі. Шырока была прадстаўлена выстава кніг мясцовых паэтаў.

А на базе ясляў-сада № 2 «Вясёлка» Валожына ў форме семінара-практыкуму адбыўся Дзень педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай адукацыі. Педагогі сумесна з дзецьмі прадэманстравалі гасцям «Парад тэатраў». Дарэчы, касцюмы для пастановак вырабляюцца рукамі выхавальнікаў сумесна з бацькамі і дзецьмі. Майстар-клас пазнаёміў прысутных з прафесіяй эколага. Дзеці сумесна з выхавацелем А. У. Махінай дапамагалі Кар-Карычу выратоўваць вадаём і лес ад забруджвання.

Загадчык ясляў-сада І. П. Ралавец правяла экскурсію па ўстанове, пазнаёміла з выставай-панарамай цэнтраў дзіцячай дзейнасці, адказала на пытанні.

Вынікам дня стала тэматычная дзелавая гульня. Удзельнікі марафону сумесна з намеснікам загадчыка А. В. Каласковай падзяліліся вопытам работы па стварэнні аптымальнага прадметна-развіваючага асяроддзя ў дашкольнай установе.

У Сакаўшчынскай школе-садзе прайшоў Дзень класнага кіраўніка. Быў прадстаўлены вопыт работы школы “Развіццё грамадзянскай актыўнасці вучняў праз арганізацыю працы краязнаўчага клуба”. Адкрыла мерапрыемства дырэктар Г. Г. Гаспарэвіч, якая спынілася на працы ўстановы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Адной з форм выхавання ў дзяцей грамадзянскай пазіцыі з’яўляецца краязнаўчы клуб “Вытокі” і музей “Куфар жыцця”. Навучэнцы правялі экскурсію, паказалі майстар-клас па пляценні беларускіх паясоў. Дзейнасць клуба “Вытокі” праз серыю фатаграфій прадставіла намеснік дырэктара Н. В. Абрамчык. Праца ўстановы адукацыі ў дадзеным накірунку лягла ў аснову абласнога педагагічнага праекта “Развіццё грамадзянскай актыўнасці вучняў праз арганізацыю работы краязнаўчага клуба”, з якім пазнаёміла ўдзельнікаў А. А. Буклыс.

На базе раённага СПЦ прайшоў Дзень работнікаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Трэнінг «У гармоніі з сабой і акружаючымі» правяла педагог-псіхолаг цэнтра І. Ф. Шакун.

У СШ № 2 праведзены «круглы стол» настаўнікаў-дэфектолагаў па тэме «Фарміраванне інклюзіўнай свядомасці як фактару паспяховай сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця». Педагог-псіхолаг раённага ЦКРАІР А. Э. Віршыч адзначыла, што актыўная жыццёвая пазіцыя бацькоў з’яўляецца важным фактарам паспяховай сацыялізацыі дзяцей з АПФР. Пасля прагляду тэматычнага фільма ўдзельнікі «круглага стала» абмяняліся меркаваннямі.

Дзень работніка метадычнай службы ў Івянецкай школе пачаўся інфарм-дайджэстам па выкарыстанні інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, яго правяла намеснік дырэктара В. В. Солтан.

Настаўнікі А. А. Русовіч і І. С. Трубіш разам з вучнямі паказалі выкарыстанне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій на ўроку, а магчымасці праграмы КРАБ-2 прадэманстравала педагог В. Р. Лапуцкая.

У СШ № 1 С. Э. Родзевіч, настаўнік пачатковых класаў, кіраўнік лабараторыі пачатковых класаў абласнога рэсурсавага цэнтра «Заходні», прэзентавала работу раённага рэсурсавага цэнтра. А. В. Карачун – настаўнік матэматыкі і інфарматыкі – паказала магчымасці выкарыстання электроннага сшытка на ўроках матэматыкі і навучыла самастойна ствараць дадзены тып электроннага сродку навучання. Пра магчымасці выкарыстання інтэрактыўнай дошкі ў адукацыйным працэсе расказала настаўнік рускай мовы і літаратуры В. Ю. Косік.

Вера КАРАНІК,

 загадчык вучэбна-

метадычнага кабінета аддзела

адукацыі, спорту і турызму



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *