Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728

 На мінулым тыдні ў калектыве КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” прымалі калег з Пухавіцкага і Лагойскага райбыткамбінатаў. Дзесяць спецыялістаў на чале са сваімі дырэктарамі прыехалі ў Валожын, каб за імправізаваным “круглым сталом” абмяняцца вопытам, падзяліцца набыткамі і паглядзець, як ідуць справы ў плане бытавога абслугоўвання насельніцтва раёна.

У Валожынскім Доме быту варта пазнаёміцца з Дошкай інфармацыі, каб даведацца не толькі пра спектр паслуг, аказваемых насельніцтву, але і атрымаць аператыўную інфармацыю. Ідэнтычныя Дошкі маюцца ва ўсіх комплексных прыёмных пунктах раёна. Уразіў гасцей і магазін “Бытавічок”, адкрыты на першым паверсе. Тут у пераважнай большасці рэалізуюцца ўласныя швейныя вырабы. Штомесяц са швейнага цэха камбіната адпраўляецца на рэалізацыю тавараў масавага спажывання амаль на 300 мільёнаў рублёў. Лепш за ўсё разыходзяцца спецадзенне і пасцельная бялізна.

Дарэчы, на працягу бягучага года прадстаўнікі нашага РКБА пазнаёміліся з вопытам работы Пухавіцкага, Беразінскага, Маладзечанскага і Мінскага камбінатаў бытавога абслугоўвання.

 

Абласны злёт Рэспубліканскай піянерскай арганізацыі “Салют, піянерыя!” адбыўся ў Фаніпалі Дзяржынскага раёна.

На ім прысутнічалі старшыня раённага савета піянерскай арганізацыі Марына Кушнір, старшыня савета піянерскай дружыны СШ № 2 райцэнтра шасцікласніца Ясенія Стома, адказны за спорт гэтай дружыны пяцікласнік Кірыл Загорскі і старшыня савета дружыны Яршэвіцкай СШ вучаніца 8 класа Наталля Лён.

Перад піянерскім актывам вобласці выступалі пераможцы абласных конкурсаў “Суперзорачка”, агітбрыгад, “Піянер года”, чэрлідынг. Наша Наталля Лён абрана ў Мінскую абласную палату Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

 

У асенняй спартакіядзе сярод клубаў па фізічнай культуры і спорту прадпрыемстваў і арганізацый раёна прынялі ўдзел пяць каманд. Спаборніцтвы на базе гімназіі № 1 горада праходзілі ў трох відах спорту: настольным тэнісе, шахматах і валейболе.

Аматары спорту з ДРБУ № 167 былі лепшымі ва ўсіх відах спартакіяды і занялі агульнае першае месца. У спаборніцтвах па настольным тэнісе другое месца занялі прадстаўнікі жылкамунгаса, трэцяе – воінскай часці № 30695. У шахматах другое месца заваявалі прадстаўнікі воінскай часці, трэцяе – жылкамунгаса, у валейболе – камунгасаўцы былі другімі, бронзавым прызёрам стала каманда лясгаса. Такім чынам, другое месца ў камандным заліку занялі члены клуба РУП “Валожынскі жылкамунгас”, трэцяе – воінскай часці.

 

У рамках першага этапу дабрачыннай акцыі “Моладзь за бяспеку!” юныя выратавальнікі-пажарныя з гімназіі і СШ № 2 райцэнтра, Гародзькаўскай СШ сумесна з актывістамі БРСМ аказалі шэфскую дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і адзінока пражываючым пажылым людзям у Валожыне і Гародзьках.

Яны пабывалі ў дамах семярых людзей сталага ўзросту, якім нанасілі вады, склалі дровы, прыбралі лісты і смецце з прысядзібных участкаў. Але старым удвая даражэй была проста ўвага. Яны расказалі падлеткам пра свае маладыя гады, успомнілі ваеннае ліхалецце, выслухалі расказы пра справы школьныя. Школьнікі пакінулі на памяць кожнаму памяткі пра правілы пажарнай бяспекі.

 

З верасня ў Валожыне рэалізуецца праект для маладых маці, якія знаходзяцца ў сацыяльным водпуску па догляду за дзіцем, і іх малых “Адкрытая пляцоўка MAMAKIDS”. У кастрычніку заняткі праходзяць два разы на тыдзень.

 Маладыя жанчыны сустрэліся з урачом-педыятрам Юліяй Мянцюк, якая расказала пра асаблівасці развіцця дзяцей ранняга ўзросту, паказала, як рабіць масаж і развіваючыя практыкаванні. У кастрычніку адбудзецца таксама сустрэча з лагапедам, якая раскажа, як правільна размаўляць з дзіцем, каб яно пачало хутчэй гаварыць, адкажа на пытанні матуль. Малыя за гэтыя месяцы навучыліся “плаваць” у сухім басейне, пазнаёміліся з пальчыкавымі фарбамі, цестам для лепкі, набылі новых сяброў-равеснікаў, асвоілі першыя развіваючыя гульні.



Добавить комментарий