Агляд падзей у раённай газеце за кастрычнiк 1970 года

Культура

НА ШЛЯХУ ЗДЗЯЙСНЕННЯЎ

Сёлета ў раёне вырашчаны неблагі ўраджай. Атрымана зерневых па 18,1 цэнтнера з гектара, што на 1,2 цэнтнера больш за мінулы год.

Ураджайнасць бульбы ў параўнанні з леташняй узрасла на 11 і склала 136 цэнтнераў клубняў з гектара.

Хлебаробы калгаса імя Леніна сабралі з кожнага гектара па 31 цэнтнеру зерня. У калгасах імя К. Маркса і імя Чапаева, саўгасе “Ракаўскі” накопваюць з кожнага гектара па 200 цэнтнераў бульбы.

Свінарка па адкорме свіней з калгаса “1 Мая” Зінаіда Цімафееўна Пасека з пачатку года адкарміла 270 свіней, атрымліваючы сярэднюю сутачную прывагу кожнага адкормачніка па 550 грамаў. Свінаркі калгаса імя Леніна Яўгенія Фёдараўна Мураўская і Софія Васільеўна Каранеўская атрымалі і вырасцілі ад кожнай з замацаваных свінаматак па 20 парасят.

Даглядчыкі буйной рагатай жывёлы Ф. Мамонька, І. Равяка, Н. Шакун, В. Станкевіч, В. Іода атрымліваюць па 900 і больш грамаў сярэднясутачнай прывагі. Старанна працуюць даяркі. Дваццаць шэсць з іх надаілі больш чым па 2200 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. Найлепшых вынікаў у працы дасягнулі Н. Пракаповіч, М. Фурс, Р. Шарка, Г. Сліж, В. Цыбульская, Б. Герштуновіч, якія надаілі больш як па 2500 кілаграмаў малака ад каровы.

 

 ЛЕПШЫЯ ПА ПРАФЕСII

Добрай славай карыстаецца ў калектыве раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” каваль Іосіф Рыгоравіч Савіцкі. Яго ведаюць як выдатнага майстра сваёй справы, ударніка камуністычнай працы, рацыяналізатара, удзельніка ВДНГ у Маскве.

Ён у ліку сямі лепшых рабочых прадпрыемства быў удастоены гонару ўдзельнічаць у абласным конкурсе на званне “Лепшы па прафесіі”. Ён лепш за многіх удзельнікаў адказаў на пытанні і справіўся з практычнай часткай: хутка і якасна выкаваў трымальнік для метчыка па нарэзцы разьбы. У выніку заняў другое месца, стаў уладальнікам памятнага вымпела і грашовай прэміі.

Удала выступіла і брыгада лінейна-мантажнага ўчастка, якую ўзначальвае Генадзь Міхайлавіч Бабровіч. Глыбокія і рознабаковыя веды выявілі на конкурсных выпрабаваннях члены брыгады Леанід Бібік, Мікалай Новік, Мікалай Юшкевіч. Яны хутка і дакладна зрабілі мантаж лініі аўтапаілак, зманціравалі ланцуг транспарцёра, зварылі водаправод, сабралі і разабралі калектар, вядро і пульсатар даільнай устаноўкі ДАС-2.

 

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Кожны дзень школьнікі адпраўляюць пасылкі на далёкую Чукотку. Там узводзіцца будынак Палаца піянераў. Юныя ленінцы Валожыншчыны ўжо адправілі каля трыццаці пасылак з кнігамі, нагляднымі дапаможнікамі.

Да паслуг насельніцтва – трыццаць аўтобусаў аўтабазы № 14 на 697 месцаў.

 Медыцынскія работнікі Івянецкай другой раённай бальніцы некалькі дзён з ранку да позняга вечара працавалі на бульбяных палетках калгаса “Камсамолец”. В. І. Галубовіч, В. К. Супрон, Р. А. Собаль, К. М. Градоўскі і многія іншыя паказвалі прыклад у рабоце не толькі сваім таварышам, але нават і калгаснікам. Дзякуючы дапамозе медыкаў, трэцяя брыгада своечасова справілася з уборкай бульбы.

 Юныя натуралісты валожынскай СШ № 1 удзельнічалі ў традыцыйным злёце юннатаў раёна. Яны вырасцілі неблагі ўраджай буракоў: атрымалі з гектара па 331 цэнтнеру, сабралі і прадалі дзяржаве звыш дзевяці тон яблыкаў, большасць з якіх адгружана жыхарам Масквы. Самааддана працавалі на ўчастку Надзя Рындзевіч, Вова Касоўскі, Саша Анісімаў.

 

 

ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ

Працягваюцца работы па добраўпарадкаванні цэнтральнай плошчы райцэнтра. Вясной тут зазелянеюць серабрыстыя елкі, ніцыя вербы, каштаны, туя і іншыя пароды дэкаратыўных дрэў і кустоў. Апошніх намечана высадзіць каля трох тысяч.

У Забрэжскай сярэдняй школе прынялі ў камсамольскую сям’ю новае папаўненне. Рапартаваць сваім старэйшым таварышам было аб чым. У дзённіках – выдатныя і добрыя адзнакі. Грамадскай работай таксама займаюцца. Сямікласнік Васіль Сухадолец – адказны за палітычную інфармацыю, Ніна Гасціловіч – старшыня савета піянерскага атрада, Міхаіл Сухоцкі арганізуе фізкультурна-масавую работу, Аляксандр Зайкоўскі – мастацкую самадзейнасць. Выконваюць свае грамадскія даручэнні Таццяна Акотчык, Віктар Маскалік, Уладзімір Залескі, Таццяна Грыбоўская, Марыя Акотчык.

 Тыдзень знаходзіліся ў нашым раёне беларускія кінадакументалісты з творчага аб’яднання “Летапіс”. У Івянцы яны здымалі эпізоды, якія ўвойдуць у новы фільм “Казімір і Люцыя”. Кінематаграфісты сустрэліся з людзьмі, якія ведалі брата Ф. Э. Дзяржынскага – Казіміра Эдмундавіча і яго жонку, расказалі аб іх мужнай дзейнасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, апошніх днях жыцця.

  

IМI ГАНАРАЦЦА Ў КАЛЕКТЫВЕ

На Валожынскай лясной машынна-меліярацыйнай станцыі не згасае напал сацыялістычнага спаборніцтва паміж экіпажамі экскаватаршчыкаў, бульдазерыстаў.

Імя Анатоля Аляксандравіча Зайчанкова вымаўляюць з павагай. Ён значна перакрыў месячнае заданне, выбраўшы сваім экскаватарам 9 тысяч кубічных метраў грунту, замест шасці тысяч запланаваных. Прыклад ударнай работы старэйшага таварыша натхняў і камсамольцаў Валерыя Байраша і Валерыя Каласкова. Вызначыліся на разраўноўванні вынятага грунту бульдазерысты Уладзімір Пракаповіч, Аляксей Казак, Станіслаў Шостак.

Толькі ў гэтым годзе работнікі асушылі дзве тысячы гектараў зямель. Дарэчы, калі б выцягнуць у адну стужку меліярацыйныя каналы, даўжыня іх склала б 500 кіламетраў (амаль пяць Волга-Данскіх каналаў, калі параўноўваць іх па працягласці).

 

НАМЕЧАНАЕ ЗДЗЕЙСНIМ

Ударную вахту ў гонар 24 з’езда КПСС нясуць рабочыя Валожынскага дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка № 167.

Лепшых поспехаў дабіліся калектывы, якія ўзначальваюць дарожныя майстры Пётр Рыгоравіч Трыстан, Павел Сцяпанавіч Пашкоўскі. Яны заканчваюць будаўніцтва пад’езда да калгаса імя Чапаева, да вёскі Аўгустова, што ў калгасе імя Леніна.

Пераможцамі ў індывідуальным спаборніцтве з’яўляюцца Аляксандра Іванаўна Балашка, Лідзія Іванаўна Гарбачэўская. Свае нормы яны заўсёды перавыконваюць пры выдатнай якасці работы.

 

 

МАЙСТРЫ СПРАВЫ ПЕДАГАГIЧНАЙ

У раёне працуюць дзевяць заслужаных настаўнікаў школ БССР. Сорак два педагогі ўзнагароджаны значком “Выдатнік народнай асветы”.

Якімі б узорнымі ні былі вучэбныя праграмы і планы, якой бы ні была добрай матэрыяльная база школ – поспех навучання залежыць ад педагога, яго вопыту, кваліфікацыі, стараннасці.

Сярод настаўнікаў раёна ёсць шмат сапраўдных майстроў педагагічнай справы, якія добрасумленна выконваюць высокі абавязак, працуюць творча, не шкадуючы сіл. Да ліку такіх можна аднесці Е. П. Шорац, В. Е. Пячаткіну, С. В. Салагуба, Г. В. Кароль, Н. С. Навіцкую, Т. С. Віткіну, В. Я. Ігнатовіч, Э. І. Таўгень, М. А. Уласік, Э. А. Дзееву, Ф. П. Марачэўскую, В. І. Шніп, М. У. Бобрык, І. І. Баброўскага, І. А. Філазафовіча, У. В. Юрчу, М. С. Леванчука і многіх іншых.

 

ДАПУСКАЮЦЬ БРАК

Работнікі Дзяржінспекцыі па якасці тавараў Міністэрства гандлю БССР праверылі якасць хлебабулачных вырабаў на Ракаўскай пякарні Валожынскага райспажыўсаюза.

Выявіліся абуральныя факты. Пяцьсот шэсцьдзясят кілаграмаў браку! У выніку парушэнняў тэхналогіі, няспраўнасці абсталявання хлеб выпякаецца з ліпкім мякішам, з закальцам, няправільнай формы.

Дрэнна абстаяць справы з перавозкай і захаваннем хлебабулачных вырабаў. У дзень праверкі хлеб, прызначаны для адпраўкі ў саўгасы, пагрузілі ў брудныя вазы… Прадукцыя губляе сваю першапачатковую якасць, не дайшоўшы да рук пакупніка.

 

НА СТАРЦЕ – ШКОЛЬНIКI

У райцэнтры прайшоў лёгкаатлетычны крос, прысвечаны 50-годдзю камсамола Беларусі.

У ім прынялі ўдзел дваццаць чатыры васьмігадовыя школы. 137 вучняў выйшлі на старт.

Разгарэлася спартыўная барацьба ў бегу на 500 метраў. Сярод хлопчыкаў вызначыліся Віктар Саевіч з Няроўскай, Віктар Качынскі з Поцінскай, Васіль Бараноўскі з Румскай васьмігадовых школ. Нядрэнна выступілі і дзяўчынкі. Добрыя вынікі паказалі Галіна Стагначова з Няроўскай, Яніна Дзеніс і Галіна Янушкевіч з Каменскай васьмігодак.

 

ЗАГАДЧЫЦА ПАПЯРЭДЖАНА

У “Працоўнай славе” быў надрукаваны артыкул “Раўнадушнасць і вынік”, у аснову якога пакладзена пісьмо А. Вінаградавай.

Жанчына здала ў рамонт басаножкі ў шавецкую майстэрню Валожынскага КБА. Некалькі дзён яна хадзіла за заказам. Нарэшце ёй паведамілі, што басаножкі прапалі.

Рэдакцыя атрымала адказ на гэты артыкул. Дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання З. Якушава паведамляе, што факты пацвердзіліся. Артыкул абмеркаваны ў цэху сярод рабочых. За халатныя адносіны да сваіх абавязкаў, за грубае абслугоўванне наведвальнікаў загадчыца шавецкай майстэрні папярэджана. А. Вінаградавай аплачаны кошт басаножак.

 

ШЧАСЦЕ ЧАКАЕ ВАС

Інспектар-рэвізор цэнтральнай ашчаднай касы М. Журкевіч паведамляе ў рэдакцыю газеты:

“Напэўна, няма таго чалавека, які б не набыў сабе білет грашова-рэчавай латарэі. Жыхарам Валожына і раёна часта дастаюцца выйгрышы. В. Табар, які жыве ў Жураўцах, выйграў тэлевізар “Зорка-2”, а Н. Дзяруга – касір Ракаўскага сельпо – радыёпрыёмнік “Эцюд”. Шчасце ўсміхнулася настаўніку Канюшаўшчынскай школы С. Садоўскаму. Ён стаў уладальнікам халадзільніка “Мінск-3”.

М. Мацвееў, І. Грушэўскі, Т. Ксенафонтава з Валожына выйгралі пральную машыну, турысцкую палатку, віцебскі дыван, электрабрытву “Харкаў”.

Уладальнікі “шчаслівых” латарэйных білетаў сёлета атрымалі магнітафон “Днепр”, шарсцяныя касцюмы, наручныя гадзіннікі і інш. У гэтым годзе працоўныя нашага раёна атрымалі выйгрышаў на суму звыш дзесяці тысяч рублёў”.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *