У садзе iх маладосцi хораша заўсёды

Культура

Вось так шчаслівай сямейнай парай прайсціся па садочку ім выпадае нячаста. Да такога праменаду гэтых людзей прымусілі мы, калі шукалі выйгрышны ракурс для фатаграфіі ў газету. Гэты невялікі сад не толькі аазіс прыемнай зеляніны з ранняй вясны да позняй восені, не толькі рай духмяных сакавітых пладоў, гэта адначасова і сад іх успамінаў. А ўраджай жыццё сабрала багаты!

 Леаніда Мікалаеўна і Сяргей Мікалаевіч РАМАНЧЫКІ – карэнныя жыхары вёскі Крапіўнікі, што ў былым Яршэвіцкім сельсавеце, а перабраліся на Ракаўшчыну ў вёску Стражаўшчына ў далёкім 1964 годзе.

 

…Калі пажаніліся, хацелі мець уласны кут. А тут як раз маладыя пачулі, што ў суседняй вёсцы “за капейкі” прадаецца старая хатка. Вырашылі купіць. Паціху-памалу пачалі абжываць сціплае, але самае галоўнае – уласнае жыллё. На першым часе ўсё задавальняла ў бытавым плане. А пазней, калі нарадзіліся дзеткі, Раманчыкі пачалі пашыраць сваю сядзібу. Паклапаціліся і пра закладку сада. Пасаджаныя ранейшым гаспадаром пладовыя дрэўцы з цягам часу струхнелі, іх выразалі, пасадзілі новыя. Цяпер у цяністых пладовых прысадах любяць адпачываць іх унукі-мінчане. Прыязджаюць на выхадныя і дзеці, якія жывуць у сталіцы. Стары сад абнаўляецца і да сёння. Праўда, гэтым пераважна займаецца зяць Леанід. Узялася ў сілу пасаджаная ім вінаградная лаза. Дочкі Раманчыкаў Святлана і Аксана ўпрыгожваюць сядзібу клумбамі жывых кветак.

У гэтай сям’і кожны знаходзіць, чым заняцца. Малодшае пакаленне вучыцца руплівасці ў старэйшых – Леаніды Мікалаеўны і Сяргея Мікалаевіча. Гаспадар ужо размяняў 9-ы дзясятак. Але па выгляду і яго зайздроснай жвавасці гэтаму чалавеку можна скінуць без перабольшання гадоў дваццаць. А яго жонка адсвяткавала сёлета 75 гадовы юбілей. З выгляду кабета таксама досыць маладжавая. Як ні банальна гэта гучыць, але галоўны эліксір іх аптымізму, спрыту знаходзіцца ў іх нястомнай штодзённай працы. І цяпер, калі не трэба спяшацца на працу, па-ранейшаму ўстаюць у 5-6 гадзін. Да нядаўняга часу трымалі аж тры каровы. Зараз засталася толькі адна рагуля. Гадуюць свіней, даглядаюць свойскую птушку. Маюць агарод у 60 сотак.

Шмат прафесійных заняткаў за сваё жыццё змяніла Леаніда Мікалаеўна. Пачынала з пасады бібліятэкара ў Бакачах, потым сем гадоў працавала паштальёнам. За 6 кіламетраў штодзень дабіралася ў Новы Двор, каб забраць на пошце газеты, часопісы, пісьмы і разнесці карэспандэнцыю шматлікім адрасатам. А калі паштовае аддзяленне ў вёсцы закрылі, жанчына перакваліфікавалася ў птушніцу. 8 гадоў аддала гэтаму спецыялізаванаму прадпрыемству. Ёсць у яе працоўнай кніжцы і запіс, які сведчыць пра тое, што была цялятніцай на адной з фермаў колішняга саўгаса “Ракаўскі”.

Муж у свой час скончыў Мар’інагорскі тэхнікум. Быў брыгадзірам трактарнай брыгады ў саўгасе, затым працаваў улікоўшчыкам у гэтай жа гаспадарцы.

…У Раманчыкаў выраслі працавітыя, здольныя дзеці, невыпадкова яны зрабілі добрую кар’еру. Старэйшая Святлана скончыла дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы. Працуе на кіраўніцкай пасадзе. Малодшая Аксана звязала сваё прафесійнае жыццё з вядучай політэхнічнай ВНУ краіны. Сын Мікалай працуе на Ждановіцкім камбінаце па вытворчасці агародніны. Дзецьмі бацькі па праву ганарацца. Іх лёс удаўся, бо з маленства былі прывучаны да сялянскай працы, штодзённых нагрузак, таму і ў вучобе былі таксама старанныя. За сваіх дзетак у бацькоў цяпер душа спакойная. Жыві толькі і радуйся! Цешацца яны і сваімі трыма ўнукамі. А калі гаспадыня па-мацярынску і перажывае, дык толькі за любімых унукаў, каб шчасце сваё не “прамаргалі”. Ганначцы падаспеў час выходзіць замуж, але яна не спяшаецца з пачаткам сямейнага жыцця. А мудрая бабуля, кіруючыся сваёй жыццёвай логікай, нярэдка далікатна павучае: «Задумайся пра замужжа! А то разбяруць больш бойкія дзеўкі маладых жаніхоў, а табе застануцца развадныя…» Хаця бабуля цвёрда пераканана, што яе прыгажуня-ўнучка ўдала выйдзе замуж.

Мікалаевіч і Мікалаеўна пражылі ўсё сваё сямейнае жыццё ў ладзе і згодзе. Яны і сёння шчаслівыя, што іх аднойчы звёў лёс. У той далёкі час шлюбы са сваімі аднавяскоўцамі былі пашыранай з’явай. Такія семі’і, як правіла, трывалыя, даўгавечныя і найчасцей – шчаслівыя. Ды і па характары Раманчыкі вельмі падобныя. Працавітыя, шчырыя. І як зямля сілкуе яблыні ў садзе сваёй невычэрпнай энергіяй, так і гэта ўжо немаладая сямейная пара чэрпае свае жыццёвыя сілы ва ўзаемапавазе, шчырай падтрымцы адзін аднаго. Таму і іх жыцці перапляліся цесна, як галінкі на пладовых дрэвах, якія пасадзілі яны ў маладосці ў сваім садзе. Дарэчы, гэты сад ніколі не бывае без ураджаю. Бо добрыя людзі – яго гаспадары.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий