Дзяржава гарантуе сваю падтрымку

Общество

Чарговы Дзень інфармавання насельніцтва, які адбыўся на мінулым тыдні, прысвячаўся дзяржаўнай сацыяльнай падтрымцы насельніцтва.

Дзяржаўная падтрымка як у рэспубліцы, так і ў Мінскай вобласці звязана з дэмаграфічнымі працэсамі. На 01.01.2015 года колькасць насельніцтва вобласці складала 1407,9 тыс. чалавек, на 01.07.2015 – 1416,1 тысячы. Павялічваецца нараджальнасць. Асноўнай жа тэндэнцыяй узроставай структуры з’яўляецца старэнне. Кожны пяты жыхар вобласці – у пенсіённым узросце, у сельскай мясцовасці – кожны трэці.

Створана досыць эфектыўная сістэма сацыяльнай абароны сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, прадугледжана выплата дзяржаўных дапамог.

З 1 студзеня 2013 года ўступіў у сілу Закон «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей». У 1-м паўгоддзі ў вобласці ажыццёўлена 371556 выплат сем’ям на 779,3 млрд рублёў (у 1-м паўгоддзі 2014 – 250626 выплат на 571,1 млрд. рублёў). Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з 1 студзеня 2015 года ўведзены сямейны капітал (10 тыс. долараў ЗША). За прызначэннем яго звярнуліся 1374 шматдзетныя сем’і вобласці, 1255 сем’ям дадзены від дзяржпадтрымкі ўжо прызначаны.

Пры ўзнікненні цяжкай жыццёвай сітуацыі інвалідам і пенсіянерам са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аказваецца матэрыяльная дапамога (на раённым узроўні дадзены від дапамогі ў памеры да БПМ, на абласным – да 3 БПМ).

Прыярытэтнай формай сацыяльнай дапамогі пажылым людзям і інвалідам у нестацыянарных умовах з’яўляюцца сацыяльна-бытавыя паслугі на даму. На надомным абслугоўванні ў вобласці знаходзіцца 21638 чалавек. На Міншчыне функцыянуюць 23 тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва.

Цяпер у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскай вобласці пенсіі і дапамогі атрымліваюць 414,5 тыс. чалавек, ці 29,3% усяго насельніцтва.

Адным з накірункаў падтрымкі пажылых і інвалідаў у вобласці з’яўляецца арганізацыя форм жыццеўладкавання грамадзян: гасцявая сям’я; патранатная і прыёмныя сем’і; дамы сезоннага пражывання; дамы зімоўкі.

У наш час у 7 тэрытарыяльных цэнтрах вобласці працуюць аддзяленні кругласутачнага знаходжання. Сёлета такія аддзяленні адкрыюцца ў Барысаўскім і Маладзечанскім раёнах, а ў 2016 годзе ў 10 раёнах.

У мэтах садзейнічання інвалідам, а таксама дзецям-сіротам і дзецям, пакінутым без апекі бацькоў, у 5 цэнтрах адкрыты аддзяленні суправаджальнага пражывання. У 9-і цэнтрах ажыццяўляюцца паслугі памагатага па суправаджэнні інваліда I групы, у 4-х цэнтрах рэалізуюцца паслугі асістэнта інваліда I групы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

У сістэме камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама ёсць 17 дамоў-інтэрнатаў, у якіх пражываюць больш за 3,6 тыс. грамадзян і інвалідаў (6 дамоў-інтэрнатаў агульнага тыпу, 9 псіханеўралагічных, 2 дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў).

Грамадзянам, якія не маюць працаздольных членаў сям’і або іншых фізічных ці юрыдычных асоб, абавязаных па законе іх утрымліваць, выдзяляюцца спецыяльныя жылыя памяшканні ў стацыянарных установах бясплатна. Грамадзяне, якія маюць такіх асоб, пасяляюцца на платных умовах.

Паспяхова рэалізуецца комплекс мер па ўдасканаленні паслуг, якія прадастаўляюцца інвалідам.

Для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, у Івянецкім доме-інтэрнаце і Чэрвеньскім інтэрнаце арганізавана паслуга «сацыяльная перадышка», якая дазваляе бацькам аформіць дзяцей на кругласутачнае знаходжанне тэрмінам да 28 дзён.

Сёлета ў вобласці адкрыты дом для самастойнага пражывання на 6 ложак-месцаў на тэрыторыі Чэрвеньскага псіханеўралагічнага інтэрната.

Працуе аддзяленне павышанай камфортнасці ў Старадарожскім доме-інтэрнаце. Да канца года плануецца адкрыццё аддзяленняў павышанай камфортнасці ў Мікалаеўшчынскім, Нясвіжскім, Лагойскім дамах-інтэрнатах для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў.

 



Добавить комментарий