За адзiн толькi яблычак?!

Культура

У гэтага фота ёсць канкрэтны адрас. Але па пэўных этычных прычынах мы свядома не будзем называць вёску Валожынскага раёна, дзе сёлета з’явілася на дрэве такая незвычайная выява…

Застарэлая шурпатая кара акуратна акрэсліла выразным арэолам каларытны вобраз жанчыны. Калі мы атрымалі здымак, высланы на мінулым тыдні на нашу электронную пошту, то ніхто з рэдакцыйнага персаналу не застаўся раўнадушным да гэтага фота. У творчых людзей фантазія заўсёды багатая! Таму нехта ўбачыў на дрэве нейкую казачную істоту, але большасць нашых супрацоўнікаў сышліся ў такім меркаванні: «Бачны твар старой жанчыны. І здаецца, што нібы маркотная сляза цячэ па яе маршчыністай шчацэ…»

 І сапраўды, калі засяродзіцца, сканцэнтраваць свае ўнутраныя эмоцыі, то міжволі пагодзішся з каментарыямі калег: гнятлівы боль пранізвае гэты твар і шчыміць душа…

Такі «барэльеф» на ствале старой разлапістай ліпы сёлета першай згледзела ўважлівая жанчына, якая разам з іншымі ішла праз вёску на бульбяное поле. Яна не ўтрымалася – наблізілася да дрэва, каб у дэталях разледзець «жывапісны» ствол. Зацікаваліся гэтым тварэннем маці-прыроды і астатнія кабеты. Міжволі ў жанчыны сталі ўзнікаць асацыяцыі, звязаныя з рэальнай гісторыяй, якая адбылася ў вёсцы каля паўвека таму. І ў выніку праз некалькі хвілін расхваляваныя жанчыны вынеслі свой вердыкт: «Гэта ж твар нашай Волькі».

Сёння ёй ужо за восемдзесят. Жыве ў Маладзечанскім раёне. Некалі яна была першай прыгажуняй у гэтай валожынскай вёсцы. Вельмі кахаў яе русавалосы Андрэй – юнак летуценнай душы і шчырага сэрца. Ён заўсёды стараўся сваёй абранніцы зрабіць нейкі прыемны сюрпрыз. То цукеркамі пачастуе, то прыгожы букецік нечакана з-за пазухі дастане і галантна ўручыць будучай нявесце.

…Сады тады ў вёсцы былі маладыя, ураджаем не радавалі. Сядзібы толькі забудоўваліся. А на адным прыватным участку былі пладовыя дрэвы, якія ўжо даўно і штогод шчодра пладаносілі. І тыя чужыя яблыкі здаваліся райскімі. Ведаючы, што гаспадар надзвычай скупы і злы, рызыкоўны Андрэй вырашыў не прасіць у яго пладоў, а надумаў украсці некалькі смачных чырвоных яблычкаў, каб пачаставаць сваю каханую дзяўчыну.

Вяскоўцы, расказваючы гэту быль, спецыяльна выкарыстоўваюць у сказе памяншальна-ласкальную лексічную форму – «яблычкаў». І тым самым нібы падкрэсліваюць, што гэты крадзеж у садзе – такая дробязь у параўнанні з іншымі стратамі ў жыцці. Таму і жорсткая расплата за тыя некалькі «яблычкаў» была такая несуразмерная…

Гаспадар нейкім чынам усё ж высачыў «злодзея» і раз’юшаны, што без дазволу паквапіліся на яго дабро, моцна пабіў маладога кавалера. Вольга, вядома, у той дзень абяцаных яблыкаў недачакалася.

Пасля таго выпадку, траўміраваны фізічна і маральна, Андрэй сур’ёзна занядужаў. А потым і ўвогуле стаў калекам. Але светлае каханне ў сэрцах дваіх усё роўна не згасла. Яго другая палавінка засталася па-ранейшаму вернай. Дабрадушны жаніх разумеў, якой цяжкай абузай ён будзе для сваёй любімай Вольгі, таму ўсяляк адгаворваў яе ад запланаванага вяселля. Ён хацеў бачыць яе толькі шчаслівай, часта прасіў назаўсёды разарваць сяброўства з ім. Але дзяўчына лічыла гэта здрадай іх светламу і прыгожаму каханню.

Вольга свядома доўга не выходзіла замуж. І толькі праз шмат гадоў рашылася звязаць свой лёс з удаўцом з Маладзечаншчыны.

Тутэйшыя старажылкі расказваюць, што да гэтага шчаслівага часу ў жыцці Вольгі яе Андрэй, на жаль, не дажыў. Цяпер Вольга ўжо бабуля. Зрэдку прыязджае ў сваю родную вёску. Калі праходзіць паўз вячыстых ліпаў, спецыяльна стараецца не глядзець на замшэлы панылы сад, дзе яблыкі штовосень пладаносяць шчодра, як і раней. Хата на гэтым месцы даўно пустуе. Не вельмі ўдала склаўся лёс і яго гаспадара. Сад таксама ўжо нікога не спакушае, хаця яблыкамі зямля засыпана. Але ніхто з чужых не ходзіць падбіраць іх. Так і гніюць пад дажджамі нікому не патрэбныя, як балючыя плады тых горкіх успамінаў.

«Вобраз жанчыны на дрэве з’явіўся толькі сёлета» – канстатуюць вясковыя кабеткі. Боль памяці аб няўдалым каханні дваіх нібы паставіў на гэтай сядзібе праз паўвека сваю загадкавую пячатку. «Тварам» жанчына развернута прама на бойкую вуліцу. Яе нельга не заўважыць, праходзячы міма масіўнай ліпы. Усю восень, як да незвычайнага музейнага экспаната, прыходзіў сюды любы, хто хацеў. Глыбокая і доўгая расшчэпіна-маршчына на шчацэ часта бывае мокрая ад халоднага восеньскага дажджу. Гэта напамінае плач. Невыпадкова ў некаторых сведкаў той далёкай гісторыі кахання цякуць па твары сапраўдныя жывыя слёзы. І маўклівы партрэт Волькі на старой ліпе, здаецца, так добра разумее іх прычыну…

Ірына ПАШКЕВІЧ

 

Заўвага: рэальныя імёны ў гэтай жыццёвай гісторыі зменены па зразумелых маральна-этычных прычынах.



Добавить комментарий