Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728 

З 26 па 31 кастрычніка ў 13 установах адукацыі раёна працуюць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем вучняў. Іх наведваюць 250 школьнікаў 6-10-гадовага ўзросту.

Лагерныя змены ў асноўным тэматычнай накіраванасці: здаровы лад жыцця, экалогія, краязнаўства. У кожны дзень канікул дзеці шмат часу праводзілі на свежым паветры, наведвалі кінатэатр, пабывалі на экускурсіях. На асенняе аздараўленне школьнікаў выдаткавана больш за 50 мільёнаў рублёў, бацькоўская даплата не прадугледжана.

 

Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадастаўляе грамадзянам, якія страцілі навыкі самаабслугоўвання і перамяшчэння, паслугі сядзелак. Такая паслуга аказваецца на платнай аснове ў дзённы час па працоўных днях. Адна гадзіна работы сядзелкі ацэньваецца ў 5 тысяч рублёў. На сённяшні дзень у штаце 6 сядзелак, якія аказваюць паслугі ў Валожыне і Івянцы.

У абавязкі жанчын-сядзелак уваходзіць прыгатаванне ежы, пры неабходнасці – кармленне падапечнага, дапамога ў прыёме лекавых прэпаратаў, замер тэмпературы цела і артэрыяльнага ціску, забеспячэнне парадку і чысціні ў доме, штодзённыя гігіенічныя працэдуры і змена нацельнай і пасцельнай бялізны, падгузнікаў. Гэта вельмі значная дапамога сем’ям, дзе працуючыя дзеці могуць на гэты час пакідаць бацькоў пад надзейнай апекай.

 

У пяты раз прайшоў занальны тур Клуба вясёлых і знаходлівых “Асенні марафон” для навучэнцаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх ці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. У ім прымалі ўдзел чатыры каманды: нашага раёна, а таксама Мядзельскага, Маладзечанскага і Вілейскага. Спаборніцтвы праходзілі на базе Валожынскага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя.

Каманда “Экстрэмалы” нашага ліцэя, сфарміраваная з навучэнцаў 1-3 курсаў, заняла другое месца. Такі вынік самы высокі за ўвесь час правядзення гульняў. Нашы землякі прапусцілі наперад толькі каманду Вілейскага раёна.

 

Па выніках статыстычнага ранжыравання, якое заснавана на афіцыйнай справаздачнасці, КУП “Валожынскі камбінат бытавога абслугоўвання” заняў 91-е месца ў рэспубліцы ў Топ-100 (бронза) па крытэрыю «сумарная намінацыя». Нацыянальны бізнес-рэйтынг складзены па выніках справаздачнасці за 2014 год. Яго даныя сталі вядомы гэтымі днямі.

Крытэрый “сумарная намінацыя” заснаваны на чатырох паказчыках фінансава-гаспадарчай дзейнасці: выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг; чысты прыбытак, страты; прадукцыйнасць працы; сярэдняя зарплата.

 

У абласной спартыўна-аздараўленчай базе “Галактыка” ля Ракава на працягу трох дзён праходзіла III спартакіяда работнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай-, гарвыканкамаў Мінскай вобласці. У спартакіядзе бралі ўдзел 30 каманд. Акрамя акрэсленых – каманды ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму Мінаблвыканкама і сямі падведамасных ім спартыўных арганізацый. Былі вызначаны лепшыя ў спаборніцтвах па дартсе, скачках праз скакалку, паркавым валейболе, настольным тэнісе, кідках у баскетбольнае кальцо, набіванні футбольнага мяча, фігурным ваджэнні веласіпеда і камандных скачках з месца.

Каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму нашага райвыканкама заняла агульнае другое месца, прапусціўшы наперад сваіх калег з Капыльскага раёна, уступіўшы ім усяго 2 ачкі. За каманду выступалі намеснік начальніка аддзела па спорце Валянціна Башаркевіч, дырэктар ДЮСШ Дзмітрый Ажарэльеў, трэнеры-выкладчыкі ДЮСШ па лёгкай атлетыцы і дзюдо Настасся Паталей і Аляксей Садоўскі, інструктар-метадыст ФАЦ “Надзея” Аляксей Міхнавец. Нашы былі лепшымі ў дартсе (мужчына і жанчына), у астатніх відах увайшлі ў дзясятку лепшых. Каманда аддзела атрымала граматы, кубак і спартыўны інвентар. Таксама работнікі нашага аддзела забяспечвалі судзейства спаборніцтваў.

 

17 кастрычніка ў 8.28 у РАНС паступіў званок з вёскі Бузуны Ракаўскага сельсавета пра тое, што гарыць дом № 122.

Першым дым заўважыў сусед-дачнік. Пазваўшы на дапамогу яшчэ аднаго мужчыну, адкрылі дзверы ў жыллё, дзе было поўна дыму. Людзі пачулі стогн чалавека з таго месца, дзе, ведалі, знаходзіўся ложак. Пакуль адзін з суседзяў пабег за вадой і вогнетушыцелем, другі выцягнуў гаспадара дома. На той момант у яго ўжо абгарэла верхняя частка цела. Мужчына 1950 года нараджэння быў шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы. На момант напісання матэрыялу стан пацярпелага заставаўся крытычным. Па словах жыхароў вёскі, пенсіянер злоўжываў спіртным, курыў. Папярэдняя прычына пажару – курэнне ў ложку.



Добавить комментарий