На мiжканфесiйныя тэмы

Общество

У мінулую сераду ў Валожыне прайшоў выязны міжканфесійны семінар, арганізаваны Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам. 

Тэма “Хрысціянства і іўдаізм у сучаснай Беларусі” сабрала разам людзей рознага ўзросту і веравызнання, каб больш пазнаёміць са станам іўдзея-хрысціянскага дыялогу ў краіне. Гэта надзвычай актуальна ў год святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі: прыцягнуць увагу грамадскасці і асабліва моладзі да актуальнай праблемы ўшанавання памяці нявінна забітых у гады Другой сусветнай вайны, да ахвяр фашызму, да тэмы Халакосту.

Семінар пачаўся з экскурсіі па знакамітых мясцінах Валожына, наведвання царквы, касцёла, старых яўрэйскіх могілак і іешывы. Цікавы і змястоўны расказ навуковага супрацоўніка раённага краязнаўчага музея У. М. Пучкова не пакінуў гасцей раўнадушнымі. Айцец Генрык у сваю чаргу правёў удзельнікаў семінара па касцёлу св. Юзафа, расказаў пра аднаўленне святыні.

Сярод дакладчыкаў, якія асвятлялі ўсе аспекты тэмы, звязаныя з іўдзейскай і хрысціянскай гісторыяй горада, усёй Беларусі, міжканфесійнымі адносінамі, былі намеснік старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх арганізацый і абшчын Г. Л. Левіна, протаіерэй, кандыдат багаслоўя Алексій Васін, ксёндз Аляксандр Фаміных, дырэктар “Карытас” Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай Царквы, галоўны рабін Рэспублікі Беларусь Рыгор Абрамовіч, дыякан Мінскай багаслоўскай семінарыі евангельскіх хрысціян-баптыстаў П. І. Асяненка. Выступленні праходзілі ў шчырай душэўнай абстаноўцы, бо тэма семінара была блізкая ўсім яго ўдзельнікам. У той дзень яны наведалі таксама гарпасёлак Івянец.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий