Вясёлка вясковага падворка

Культура

На сядзібе сям’і ЛЯЎКОВІЧ з вёскі Нарэйшы ўтульна не толькі ўлетку, але і позняй восенню. Нават панурай дажджлівай гадзінай іх падворак не страчвае радасных фарбаў.

Яркая дэталь на фоне шэрага восеньскага пейзажу – дом мякка-жоўтага колеру, які гаспадар Васіль Яўгенавіч калісьці будаваў са сваім бацькам.

Рознакаляровы плот, нібы цудоўным чынам узнікшая з-пад зямлі вясёлка, абрамляе тэрыторыю ўчастка. Ён металічны, таму надзейна служыць гаспадарам ужо 15 гадоў.

Гаспадарчыя пабудовы, пафарбаваныя ў жоўты, зялёны і сіні колеры, з драўлянымі ўпрыгажэннямі на франтонах, выглядаюць быццам тульскія “пернікавыя хаткі”. Выразаныя буслікі, чалавечкі, колы – усе прадметы вонкавага дэкору – справа рук гаспадара дома і яго дачкі Алены. Сумесная творчасць дапамагае двум розным пакаленням лепш разумець адно аднаго, нараджае давер.

Алена працуе ў Мінску, аднак кожныя выхадныя спяшаецца прыехаць у родную вёску, дзе яе любяць і з нецярпеннем чакаюць. Не можа схаваць сваю шчырую радасць ад доўгачаканай сустрэчы і махнаты гадаванец – аўчарка па мянушцы Бэн. Сабаку сям’я трымае не ў якасці вартаўніка. У прасторнай вальеры, без прывязі, дружалюбнай істоце даравана адносная свабода. Неверагодна разумны Бэн – самы верны і адданы чатырохногі сябар, які заўсёды ратуе ад унутранага холаду і адзіноты. У вёсцы дзяўчына адпачывае ад гарадской мітусні, з асалодай працуючы на зямлі. Даглядае не толькі агарод, але і кветнік, які ўлетку шчодра аддзячвае за клопат безліччу квітнеючых раслін. Дзівосныя прыгажуны клемацісы спадаюць з вышыні падпор фіялетавым і ружовым вадаспадамі кветак. Грэюцца на сонцы цёмна-салатавыя кусцікі самшыта. Прыветліва ківаюць галоўкамі какетлівыя рамонкі. Усміхаюцца небу дзівосныя лілеі, мноства іншых сартоў раслін высцілаюць кветнік рознакаляровым снегам пялёсткаў.

Гаспадыня дома Ядзвіга Зянонаўна 32 гады працавала бухгалтарам валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. Васіль Яўгенавіч быў загадчыкам гаспадарчай групы раённага аддзела адукацыі. З выхадам на заслужаны адпачынак вольнага часу ў гаспадароў прыбавілася. Акультурваць, упрыгожваць кавалачак зямлі, на якім жывеш, – любімы занятак сям’і Ляўковіч. Унутраны стан чалавека, яго характар накладваюць адбітак на знешняе. Ляўковічы – дбайныя гаспадары, жыццярадасныя і добразычлівыя людзі. Ім не толькі хочацца падтрымліваць ля свайго дома парадак і ўтульнасць, але і дзяліцца прыгажосцю з іншымі.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий