Хто дбае, той i мае

Культура

Даўбені яшчэ захавалі той даўнейшы вясковы каларыт, ад якога душа млее замілаванасцю: традыцыйныя драўляныя хаты, вузенькая вуліца ў цяні разложыстых дрэў, у пяску непалахліва “купаюцца” куры… І цішыня такая, што чуваць, як у далёкім двары скрыпіць калодзеж, падымаючы вядро вады.

Тут ахвотна прыжываюцца прыезджыя людзі, якія таксама прытрымліваюцца мясцовай звычкі не замыкацца ад суседзяў на замкі. Яніна Тадэвушаўна Танкевіч у Даўбені, на радзіму мужа, прыехала дваццаць гадоў назад. Спачатку жылі ўсе разам у бацькоўскім доме, потым маладыя купілі ўласны. Яніна Тадэвушаўна і Анатоль Уладзіміравіч выгадавалі дваіх сыноў, дачакаліся ўнукаў. Дзеці хоць і сталі гарадскімі жыхарамі, але кожныя выхадныя праводзяць у роднай вёсцы, адбудавалі колішнюю дзядулеву сядзібу пад дачу і сялянскай працы не цураюцца.

Каб дагадзіць унучцы, Анатоль Уладзіміравіч пабудаваў у двары дамок “на курыных ножках”. Планавалася, што атрымаецца альтанка ў казачным стылі, але потым дзяўчынка запатрабавала паставіць вокны, зрабіць уваходныя дзверы, пакласці падлогу. І зараз малая адчувае сябе паўнапраўнай гаспадыняй уласнага памяшкання: падтрымлівае парадак, упрыгожвае.

Дзякуючы гэтаму церамку, падворак Танкевічаў набыў не толькі эксклюзіўную адметнасць, але і прыцягвае гасцей. Каму ж не цікава зазірнуць у казку? Не ўстаяла перад прыцягальнасцю дамка і я. Так і пазнаёмілася з Янінай Тадэвушаўнай, цудоўнай жонкай, маці, бабуляй і адной з лепшых даярак Даўбенеўскай малочнатаварнай фермы СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз».

Яніна Тадэвушаўна прызнаецца, што быць даяркай – значыць, жыць работай, аддавацца ёй без астатку. Вядома, гэта нялёгкая ноша, але затое жывёлаводы заўсёды ў пашане: і нядрэнна зарабіць можна, і льготы пэўныя прадугледжаны, і жыллё ім у першую чаргу выдзяляецца. Некалькі разоў жанчына спрабавала займацца іншай справай, але зноў вярталася на ферму, зараз яе стаж даяркі складае 22 гады.

У гутарцы яна ні разу не ўжыла слова “скаціна”, толькі “мае кароўкі”. Аказваецца, рагулі – выдатныя псіхатэрапеўты. Яны пазіраюць вялікімі, сумнымі вачамі, сківіцамі спакойна перажоўваюць жвачку і быццам праграмуюць – не хвалюйся, усё наладзіцца і будзе так, як павінна быць… Яніна Тадэвушаўна не можа пагадзіцца з тым, што слова “карова” часам ужываецца як абразлівае:

– Вы ж толькі паглядзіце ўважліва! Каровы прыгожыя, па-свойму грацыёзныя і між сабой непадобныя! Мая малая ўнучка гэта заўважыла і цяпер, калі прыходзіць да мяне на работу, з задавальненнем іх фатаграфуе.

Зараз ферма перажывае дэфіцыт кадраў. І Яніне Тадэвушаўне з напарніцай даводзіцца выконваць абавязкі загоншчыкаў, цялятніц. Безумоўна, гэта аплачваецца, але не толькі грошы прымушаюць жанчын браць на сябе дадатковую нагрузку. Чулае сэрца не можа пакінуць жывёлу, а тым больш маладняк без догляду. Цяляты патрабуюць апекі, роўна як малыя дзеці. Калі якая асобіна занядужае, то перш, чым прыйдзе ветэрынар, даярка перабярэ ў памяці ўсе версіі, каб устанавіць прычыну хваробы.

Таму і не дзіва, што Яніна Тадэвушаўна дабіваецца высокіх паказчыкаў у працы. Зараз яна абслугоўвае статак са 110 кароў, сярэднясутачныя надоі на адну ўмоўную галаву за мінулы год склалі 5,126 кілаграма, сярэднясутачная прывага цялят сёлета дасягае 934 грамаў.

Гэта простая жанчына не займае высокую пасаду, але калектыў яе паважае, цэніць начальства, любяць родныя людзі. Ну хіба не шчасце – такі лёс?..

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий