Здароўе людзей у прыярытэце

Общество

На чарговым пасяджэнні райвыканкама разгледжаны вынікі работы Івянецкай гарпасялковай бальніцы па забеспячэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

З дакладам выступіў загадчык гарпасялковай медыцынскай установы Мікалай Пятровіч Мехаў. На варце здароўя людзей у Івянцы – паліклініка і стацыянар тэрапеўтычнага профілю на 50 ложкаў, 15 з іх сацыяльныя. Працуе і кругласутачны пост хуткай медыцынскай дапамогі.

Адзначалася, што за 9 месяцаў паліклініку наведалі больш за 48 тысяч чалавек, 1730 разоў да хворых выязджала «хуткая дапамога». Пашырана і такая форма абслугоўвання, як лячэнне ў стацыянарах на даму. Вялікая ўвага надаецца прафілактычнай рабоце і рабоце з дыспансернай групай. Запатрабаваны ў Івянцы паслугі фізіятэрапеўтычнага кабінета, папулярны сярод пацыентаў і масаж. З максімальнай нагрузкай працуе лабараторыя.

За 9 месяцаў бягучага года стацыянарам бальніцы выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі. Аб’ём платных медыцынскіх паслуг склаў больш за 780 мільёнаў рублёў.

Загадчык бальніцы на пасяджэнні райвыканкама сярод існуючых праблем назваў і кадравую. Не хапае ўрачоў і сярэдняга медперсаналу.

Неабходна правесці касметычны рамонт тэрапеўтычнага аддзялення, а таксама прывівачнага кабінета дзіцячай кансультацыі паліклінікі.

Івянцу, як буйнанаселенаму пункту, дзе жыве нямала маладых сем’яў і расце нараджальнасць, неабходна мець у бальніцы і сучасны апарат для маніторынгу сардэчнай дзейнасці ў плода цяжарных жанчын. Наспела пара замяніць стаматалагічную ўстаноўку ў паліклініцы. У прынятым рашэнні райвыканкама ўказаны тэрміны закупак неабходнага абсталявання.

Наш кар.



Добавить комментарий