Бяду спынiм разам

Закон и порядок

У мэтах прафілактыкі правапарушэнняў і ДТЗ, якія ўчыняюцца вадзіцелямі ў стане ап’янення, Дзяржаўтаінспекцыя вобласці з 29 кастрычніка па 2 лістапада праводзіла акцыю «Цвярозы вадзіцель», у рамках якой 30 кастрычніка прайшоў адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху.

На тэрыторыі вобласці за 9 месяцаў бягучага года адбылося 641 дарожна-транспартнае здарэнне, у якім 131 чалавек загінуў і 670 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. 71 ДТЗ здзейснілі вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення. Кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення – адно з самых сур’ёзных парушэнняў Правіл дарожнага руху. Многія аўтааварыі, а таксама штодзённая зводка аб затрыманні нецвярозых за рулём паказваюць на недысцыплінаванасць нашых вадзіцеляў.

У час акцыі арганізоўваліся дадатковыя рэйдавыя групы з ліку супрацоўнікаў ДАІ і іншых службаў міліцыі грамадскай бяспекі АУС. Нясенне службы нарадаў міліцыі было набліжана да месцаў размяшчэння аб’ектаў гандлю, масавага адпачынку, магазінаў, кафэ, дыскатэк, сельскіх клубаў. Таксама актывізавалі работу перасоўных наркалагічных пунктаў.

Трэба памятаць, што за ваджэнне ў стане алкагольнага ап’янення або перадачу кіравання асобе, якая знаходзіцца ў стане ап’янення, а таксама за адмову ад праходжання агляду прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць – пазбаўленне права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў тэрмінам на 3 гады і штраф ад 50 да 100 базавых велічынь (9-18 мільёнаў рублёў). За паўторнае аналагічнае парушэнне на працягу года вадзіцель прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, пры гэтым транспартны сродак канфіскуецца.

ДАІ вобласці заклікае грамадзян не заставацца абыякавымі да п’янства за рулём. Калі вы бачыце ці ведаеце, што транспартным сродкам кіруе нецвярозы вадзіцель, паведаміце пра гэта ў дзяжурную часць ДАІ па тэлефоне 102 (званок бясплатны). Ваша інфармацыя спыніць бяду!

Упраўленне ДАІ УУС Мінаблвыканкама



Добавить комментарий