Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728 

Ва ўрачыстай абстаноўцы на сходзе работнікаў РУП “Мінскаўтадарцэнтр” Знак “Ганаровы дарожнік” I ступені ўручаны прарабу Валожынскага майстроўскага ўчастка філіяла БУ № 1 Вячаславу Уладзіміравічу Сухалету.

Ён стаў трэцім дарожнікам у раёне, адзначаным такой высокай узнагародай. У арганізацыях па абслугоўванні аўтадарог В. У. Сухалет працуе з 1976 года.

 

Не першы год на базе Вішнеўскага сельвыканкама плённа працуе клуб “Выбар” раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У кастрычніку праведзена чарговае пасяджэнне клуба на тэму “Бяспека нас і нашых дзяцей дома”, на якое былі запрошаны бацькі вучняў Багданаўскай і Вішнеўскай сярэдніх школ. Размова ішла пра правілы пажарнай бяспекі, бытавое п’янства, дамашняе насілле і іншыя аспекты. Перад бацькамі, чые сем’і лічацца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, выступалі члены міжведамаснай прапагандысцкай групы — намеснік начальніка РАНС А. Сівы, намеснік начальніка РАУС С. Латышаў, старшыня Вішнеўскага сельвыканкама М. Траццяк, дырэктар Вішнеўскай СШ А. Клімкова, сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ю. Ждановіч і псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра А. Жданюк.

 

Кадравыя змяненні адбыліся ў адміністрацыі раённай бальніцы. Урачом педыятрам раённым прызначана выпускніца Гродзенскага медуніверсітэта Ірына Аляксандраўна Юхноўская.

Новы спецыяліст мае вопыт практычнай работы, адпрацавала два гады па размеркаванні. У Валожын яна пераехала ўслед за мужам-ваеннаслужачым.

Былы райпедыятр А. У. Круцько, якая займала гэту пасаду больш за сем гадоў, па сямейных абставінах вярнулася ў Вішнева. Цяпер Аліна Уладзіміраўна ўзначальвае Багданаўскую ўрачэбную амбулаторыю.

 

Надзвычай насычаным на ўражанні стаў кастрычнік для вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы № 1 райцэнтра. 27 школьнікаў розных класаў і 19 педработнікаў пабывалі на экскурсіі ў сталіцы суседняй Польшчы.

На працягу дня яны зрабілі аглядную пешаходную экскурсію па старым горадзе з наведваннем храмаў, наведалі комплекс “Каралеўскія Лазенкі”, пабывалі ў Каралеўскім замку, тры гадзіны правялі ў цэнтры навукі “Капернік” на адукацыйным уроку “Падарожжа да мільярда Сонцаў”.

30 кастрычніка вучні школы пабывалі ў Жодзіна, сфатаграфаваліся на фоне знакамітых “БелАЗаў”, азнаёміліся са славутымі мясцінамі горада Барысава, прайшлі па шляху Напалеона. Запамінальным стаў візіт на фабрыку марожанага.

 

Для сем’яў, у якіх нарадзіліся адначасова двое ці трое немаўлят, для няпоўных сем’яў, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, раённы тэрытарыяльны цэнтр прадастаўляе паслугі нянькі.

У штаце цэнтра – 4 нянькі, якія дапамагаюць бацькам даглядаць выключна за дзецьмі. Паслуга аказваецца бясплатна, але толькі ў прысутнасці бацькоў, якія не павінны пакідаць сваіх нашчадкаў на няньку.

Нянька дапамагае даглядаць блізнят ці трайнят да дасягнення імі трох гадоў на працягу 20 гадзін у тыдзень, за дзіцем-інвалідам – да спаўнення яму чатырох гадоў.

 

Адразу дзве выставы пачалі працаваць у Валожыне з 29 кастрычніка.

На другім паверсе раённай бібліятэкі вырашана зрабіць своеасаблівую карцінную галерэю, якая будзе штомесяц абнаўляцца. Зараз там размешчаны 20 жывапісных палотнаў валожынскага мастака Вілія Львовіча Янкілевіча – “Мастацкае імгненне”. Да гэтага на працягу месяца можна было пазнаёміцца з работамі мінскіх мастакоў Віктара і Вольгі Ярэськаў, якія даўно і плённа замацаваліся ў нашым раёне, набыўшы дом у пасёлку Першамайскім.

У народным аб’яднанні народных майстроў “Скарбніца” адкрыта выстава вышываных работ жыхаркі райцэнтра Валянціны Уладзіміраўны Васільевай пад назвай “Магія каляровых нітак”.

 

Вечар адпачынку для людзей “залатога ўзросту” прайшоў у фае раённага Цэнтра культуры.

Вядучая – загадчыца аўтаклуба Антаніна Шадрына – падрыхтавала для ўдзельнікаў шмат конкурсаў. Але члены клуба пажылых людзей “Верас” РЦК, клубаў “Лэдзі” і “Залатая восень” тэрытарыяльнага цэнтра і самі надзвычай актыўныя і няўрымслівыя. Каля дзвюх гадзін удзельнікі вечарыны спрачаліся ў конкурсе прыпевак, у іншых, спявалі, танцавалі і адпачывалі душой ад сяброўскіх зносін. Хутчэй за ўсё такія вечары адпачынку будуць праводзіцца кожны месяц.



Добавить комментарий