ЗА ПРАГНОЗАМІ – РЭАЛЬНЫЯ СПРАВЫ

Общество

    З праграмай удасканальвання дзейнасці спажывецкай кааперацыі раёна на 2005-2010 гады мы амаль цалкам справіліся. Распрацаваны пяць гадоў таму дакумент прадугледжваў выкананне планаў па 42 пазіцыях, і практычна ўсе прагнозныя паказчыкі кааператары выканалі. “Прабуксоўка” сёлета выйшла па двух – выпуску ўласнай прадукцыі грамадскага харчавання і вытворчасці тавараў народнага спажывання. Ударнымі тэмпамі навёрствалі адставанне ў апошнія месяцы года.

    Укаранілі шэраг навінак: арганізавалі раздзелку мяса птушкі з наступным вэнджаннем і вакуумнай упакоўкай. Аднымі з першых на Міншчыне набылі апарат шокавай замарозкі коштам 30 мільёнаў рублёў у камплекце з вакуумнай упакоўкай. На паліцах гандлёвых кропак не залежваюцца пельмені, варэнікі, галубцы і іншыя паўфабрыкаты, у якіх значна падоўжыўся тэрмін захоўвання. За непрацяглы час работы ўжо выпушчана замарожанай прадукцыі больш чым на 70 мільёнаў рублёў.

   У нашай абслугоўваючай галіне дзейнічаюць два сацыяльныя стандарты: забяспечанасць гандлёвай плошчай на 1000 абслугоўваемых жыхароў і забяспечанасць пасадачнымі месцамі. Па першым паказчыку пры нарматыве 280 квадратных месцаў у раёне ён дасягае 283,4. На сто працэнтаў выконваем і другі: ёсць 17 пасадачных месцаў на 1000 жыхароў.

    Удзельная вага тавараабароту спажыўкааперацыі ў агульным тавараабароце раёна па выніках пяці гадоў вырасла на 3,2 пункта. У параўнанні з першым годам пяцігодкі тавараабарот у супастаўных цэнах узрос у 2 разы. Практыка работы ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з іншымі формамі ўласнасці паказала, што можна знаходзіць свае нішы і запаўняць іх, было б жаданне. Прагнозны паказчык па аказанню платных бытавых паслуг перакрылі на 40 працэнтаў.  

    За пяцігодку значна павялічыліся не толькі гандлёвыя плошчы, але і колькасць магазінаў, пунктаў грамадскага харчавання. Толькі ў Валожыне адкрыліся магазіны “Сузор’е”, “Валожынскія прысмакі”, “Алеся”, кафэ “Мара” і “ХХI стагоддзе”, піцэрыя “Фламінга”. Усяго адзін з іх узведзены дадаткова, астатнія прапісаліся ў будынках, якім нададзена другое жыццё. Упрыгожыў аграгарадок Ракаў універсам “Ракаўскі”. Адноўлена работа ў 22 раней закрытых магазінах (планавалася адрадзіць 19). 8 магазінаў пераведзены на работу па метаду самаабслугоўвання (запланавана было 2). Адкрыты 14 фірменных секцый, у асноўным у прамысловых магазінах.

     Райспажыўтаварыства набыло два сучасныя аўтамагазіны. А ўсяго жыхароў 311 сельскіх населеных пунктаў абслугоўваюць 9 аўтамагазінаў.

    У раённай спажыўкааперацыі ёсць перспектывы, якія дазволяць у далейшым павышаць не толькі культуру абслугоўвання, але і эканамічныя паказчыкі. Толькі  за апошні год набылі 37 адзінак халадзільнага абсталявання для сельскіх магазінаў, устанавілі ў асобных 17 кандыцыянераў, якіх да гэтага года ўвогуле нідзе не было. Капітальна адрамантавалі рэстаран “Іслач” у Валожыне, два кандытарскія цэхі грамхарчу і хлебны цэх. У гэтыя дні вядзецца рамонт кандытарскага цэха кааппрама. У каўбасным цэху ўстаноўлена лінія “Компа” па вытворчасці вараных каўбас і сасісак, што відавочна палепшыла якасць прадукцыі. Абсталёўваецца другая камера для выспявання сыравяленых і сыравэнджаных каўбас, бо першая працуе пад поўную загрузку. Распачата будаўніцтва санпрапускніка ў каўбасным цэху, працягваюцца работы па аснашчэнню гандлёвых кропак халадзільным абсталяваннем па праграме “Холад”.

    У 2010 годзе ў аб’екты гандлю ўкладзена амаль 5 мільярдаў рублёў інвестыцый. Адна з важнейшых задач наступнай пяцігодкі – адкрыццё адноўленага гандлёвага цэнтра ў Івянцы.

Алег БОБРЫК,

старшыня праўлення райспажыўтаварыства.



Добавить комментарий