Ушануюць хлебаробаў

Общество

Раённы фестываль “Дажынкі-2015” пройдзе 14 лістапада ў аграгарадку Бабровічы.

Ганаровае права – прымаць лепшых працаўнікоў вёскі з усяго раёна — СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” удастоена невыпадкова.

Па ўсіх асноўных паказчыках работы гэта сельгаспрадпрыемства займае лідзіруючыя пазіцыі. У прыватнасці, сёлета тут атрымалі самі высокі ў раёне намалот збожжа – 58,4 цэнтнера з гектара. У разліку на адну ўмоўную галаву БРЖ нарыхтавана 30 цэнтнераў кармавых адзінак (+7,52 да ўзроўню мінулага года). Ураджай цукровых буракоў склаў 385 цэнтнераў з гектара, кукурузы – 189. Ад адной каровы цяпер тут надойваюць па 13,75 кілаграма малака.

Як паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, на свята, якое пройдзе ў Бабровіцкім культурна-спартыўным цэнтры, будуць запрошаны каля 200 чалавек. Сельскія Саветы сумесна са школамі і ўстановамі культуры арганізуюць свае падворкі. Прадукцыю ўласнай вытворчасці прадставяць Валожынскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, СП “Івкон” ААТ, АП ТАА “Аграсэрвіс-6”, ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, сялянская гаспадарка “Дзіўны сад”.

У альтанцы, што ўстаноўлена на тэрыторыі цэнтра, размесціцца сувенірная прадукцыя народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”. Магазіны райспажыўтаварыства прапануюць у шырокім асартыменце тавары штодзённага побыту.

Святочны настрой удзельнікам і гасцям свята падораць самадзейныя артысты і калектывы мастацкай самадзейнасці раёна.



Добавить комментарий