Кожнаму гаспадару здаецца, што ён наводзіць парадак толькі для сябе

Официально

Кожнаму гаспадару здаецца, што ён наводзіць парадак толькі для сябе.  Але акуратная, дагледжаная сядзіба міжволі эстэтычна выхоўвае і іншых людзей. Такую стваральную місію выконвае і дом № 26 па цэнтральнай вуліцы Дораў.

Гэты будынак нібы сапернічае з імклівым часам. Ён быў узведзены яшчэ пасля вайны, але і сёння выглядае дастойна. Некалі тут жыла Фаціна Тарасаўна Кенць. У старасці сваю хату апісала дачцэ Галіне Аркадзьеўне, якая была замужам за Антонам Валянцінавічам. Прозвішча, дарэчы, мяняць не прыйшлося: муж і жонка аказаліся цёзкамі. А калі Валянціна – дачка Галіны Аркадзьеўны – стварыла ўласную сям’ю, то ёй у спадчыну вырашана было перадаць бабуліну хату.

Валянціна працуе завучам у адной з мінскіх школ. А яе муж прафесіянальны будаўнік. Таму, безумоўна, і да хаты, якую атрымалі ў спадчыну, гэтыя руплівыя людзі прыклалі свае ўмелыя рукі. Змянілі ўнутраны інтэр’ер на сучасны лад, старанна захаваўшы пры гэтым «шарм» даўніны. Знайшлося месца ў жылых пакоях і для некаторых рарытэтных рэчаў, якія цяпер лічацца сямейнымі рэліквіямі. Шмат задумак у гаспадароў і па добраўпарадкаванні падворка. Масіўная, імітаваная пад метал, драўляная гармата прапісалася на пагорку склепа. Дэкаратыўны млынок пасылае гаспадарам і прахожым пяшчотную энергію радасці. Вадаспадам яркіх кветак цешаць вока і летам, і ў восеньскую пару ярусы кветак у аргінальных кашпо.

Калі б убачыла гэту гаспадарлівасць бабуля Фаціна, то шчыра парадавалася б, што яе спадчына перайшла ў добрыя, дбайныя рукі…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий