Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728 

Два маладыя спецыялісты адвучыліся ў вышэйшых навучальных установах медыцынскага профілю за кошт раённага бюджэту і сёлета вярнуліся ў раён.

Згодна з дагаворам, адпрацаваць яны павінны не два гады, як усе маладыя спецыялісты, прыбыўшыя па размеркаванні, а пяць. Дарэчы, больш такое навучанне не практыкавалася. Віталій Францавіч Сіняўскі скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і прызначаны загадчыкам інфекцыйнага аддзялення раённай бальніцы. Юлія Валер’еўна Місюля (Урбановіч) пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта працуе ўрачом-афтальмолагам раённай паліклінікі.

 

Да 15 лістапада ў раёне працягваецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Шмат зроблена па навядзенні парадку на тэрыторыі дзяржлесфонду.

Вучні чатырох школ раёна выйшлі на добраўпарадкаванне і ачыстку ляснога масіву ад смецця. Вішнеўскія школьнікі прыбіралі ўчастак лесу ля могілак, вучні Сакаўшчынскай і Яршэвіцкай СШ шчыравалі ў лесе паблізу родных вёсак. Вучні Ракаўскай сярэдняй школы ачышчалі масіў паміж участковай бальніцай і санаторыем “Пралеска”. Работнікі Мінскага вытворчага лесагаспадарчага прадпрыемства ачысцілі каля двух гектараў лесу ў раёне будаўніцтва 2-й кальцавой аўтадарогі ля вёскі Пялікшты. У той жа дзень адміністрацыя Валожынскага лясгаса займалася пасадкай саджанцаў з закрытай каранёвай сістэмай у раёне будаўніцтва гэтай аўтадарогі. У дні месячніка ў кожным лясніцтве падсаджвалі лясныя культуры ў месцах, дзе яны слаба прыжыліся.

Члены Міжнароднага фонду падтрымкі дзікай прыроды “Чырвоны Бор” на працягу двух дзён, разбіўшыся на дзве каманды, сплаўляліся на байдарках ад вёскі Міхалова да Падневічаў на тэрыторыі нашага раёна і праводзілі ачыстку рэчышча ракі Іслач ад смецця.

 

Гэтымі днямі новыя касцюмы набылі для мужчынскага квартэта раённага Цэнтра культуры.

Без малога 11 мільёнаў рублёў выдаткавалі на самі касцюмы, а таксама абутак, кашулі і гальштукі. Любімы валожынцамі мужчынскі квартэт абновіць новы «прыкід» на канцэрце, прысвечаным чарговай гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі.

 

У час восеньскіх канікулаў вучні 1-5 класаў Яршэвіцкай СШ, якія наведвалі аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Праменьчык”, адзін з дзён правялі ў Валожыне. Дзеці, а 85% іх выхоўваюцца ў мнагадзетных сем’ях, пабывалі ў раённым краязнаўчым музей на выставе экзатычных насякомых, якая там працуе, на працягу гадзіны пазаймаліся на трэнажорах у ФАЦ “Надзея”.

Надоўга ім запомніліся майстар-класы ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Кожны па ўласным жаданні наведаў майстар-клас, які яго больш зацікавіў. У дні канікулаў майстар-клас па квілінгу давала В. І. Міхнавец, і дзеці навучыліся рабіць цудоўных папугайчыкаў; на майстар-класе па выцінанцы разам з кіраўніком Т. І. Лужынскай выраблялі адкрыткі; зусім іншыя адкрыткі выходзілі з-пад дзіцячых рук на ўроку А. І. Собалевай. Падчас майстар-класа, які давала Т. А. Курыла, дзеці навучыліся рабіць прыгожыя папяровыя гіацынты. Такія “ўрокі” завяршыліся гульнявымі праграмамі, падрыхтаванымі кіраўнікамі і гурткоўцамі цэнтра. Майстар-класы наведвалі таксама вучні сярэдніх школ № 1 і № 2 райцэнтра.

 

На абласным свяце работнікаў культуры, якое сёлета праходзіла ў Мар’інай Горцы, было ўручана шмат узнагарод у розных намінацыях.

Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у захаванне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры і каштоўным падарункам была адзначана Алена Ігнатаўна Барахоўская. 32 гады адпрацавала яна ў бібліятэчнай сістэме раёна. Прыехала ў Валожын маладым спецыялістам і прайшла шлях ад загадчыцы перасоўнага фонду да дырэктара цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы.

Акампаніятар Багданаўскага СДК Аляксандр Генрыхавіч Часноўскі сёмы год працаваў на камбайне падчас жніва. Ён прызаны пераможцам у намінацыі “Гонар культуры – гонар жніва”. У падарунак герой жніва атрымаў радыётэлефон “Панасонік”.

 

Адзін фундамент застаўся ад зборна-шчытавога дома пасля пажару ў садовым таварыстве “Купалінка” непадалёк вёскі Крыніца Ракаўскага сельсавета.

Увечары суседзі ўбачылі дым і выклікалі пажарных. Аднак было позна. Дом згарэў цалкам. Там пражывала падчарыца гаспадара дома – мінчаніна, жанчына 1969 года нараджэння, нідзе не працуючая. Суседзі бачылі, што зранку яна была ў доме, сцвярджаюць, што карысталася электрапліткай. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электрапрыбораў.



Добавить комментарий