За 8 месяцаў ДУП “Аўтапарк № 14” атрымаў 150 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. Такая ўнушальная лічба была дасягнута ўпершыню. А па выніках работы за 11 месяцаў чысты прыбытак склаў 310 мільёнаў рублёў.
Надзвычай добры паказчык дасягнуты яшчэ і дзякуючы граматнаму, рацыянальна-прадуманаму манеўраванню тэхнікай, а гэта ў першую чаргу заслуга дыспетчарскай службы.
Самым багатым і стабільным спажыўцом паслуг валожынскіх транспартнікаў быў лагістычны цэнтр, які ўзводзіцца ў ваколіцах Ракава. Туды магутныя “МАЗы” з лагатыпам аўтапарка № 14 рабілі рэйсы круглыя суткі. Заказчыка задавольвала і якасць аказваемых паслуг, аператыўнасць. Прыкладна 95 працэнтаў работ па вывазцы грунту на даным аб’екце выканалі работнікі ДУП “Аўтапарк № 14”.
У жніўні парк грузавых машын быў задзейнічаны на адвозцы зерня на прыёмныя пункты. Толькі гэты транспарт прынёс прадпрыемству без малога паўмільярда рублёў даходу. Перадавыя вадзіцелі ў гэты сезон зараблялі да трох мільёнаў рублёў у месяц.
За адзінаццаць месяцаў атрымалі даходаў ад усіх форм дзейнасці на 1 мільярд рублёў больш, чым за такі ж леташні перыяд. З добрым настроем завяршаюць транспартнікі апошні год пяцігодкі ў цэлым.
За вялікі ўклад у развіццё аўтатранспартнай галіны, высокія эканамічныя паказчыкі не так даўно дырэктар ДУП “Аўтапарк № 14” Валянцін Мікалаевіч Трушко ўзнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Гэта высокая ўзнагарода дабавілася да Ганаровых грамат Мінскага аблвыканкама і Міністэрства транспарту і камунікацый, атрыманых раней.
Наталля ШТЭЙНЕР.