Прэзентавалi прычоскi

Общество

У КУП “Валожынскі РКБА” прайшоў конкурс цырульніцкага майстэрства, у якім прынялі ўдзел 11 канкурсантаў. Трое з іх – работнікі Івянецкага КПП, адзін – з Ракава, астатнія прадстаўлялі Дом быту райцэнтра.

Мэта такога мерапрыемства — павышэнне прафесіяналізму цырульнікаў, абмен вопытам. Конкурс традыцыйна праходзіў на базе цырульні Дома быту райцэнтра.

На конкурсе былі прадстаўлены дзве намінацыі: восем майстроў чаравалі над жаночымі прычоскамі, трое – над мужчынскімі стрыжкамі. У першай намінацыі большасць цырульнікаў аддалі перавагу вячэрняй прычосцы, хаця былі прадстаўлены і дзелавая, і крэатыўная. Асабліва ўражвалі прычоскі на доўгіх валасах. У другой намінацыі былі прадэманстраваны тры віды мужчынскіх стрыжак: спартыўная, “тодэс” і “канадка”. Валоданне тэхнікай выканання ў спалучэнні з фантазіяй і выдумкай дазволілі ўдзельнікам конкурсу стварыць сапраўдныя шэдэўры. Кожная з прычосак аказалася сучаснай і прыгожай. Гледачы змаглі ўбачыць працэс іх стварэння.

Важнай умовай спаборніцтва было не толькі зрабіць прычоску, але і яскрава яе прэзентаваць. Задача цырульнікаў ускладнялася тым, што сваёй мадэлі трэба было падабраць адпаведны макіяж і адзенне, бо наперадзе чакалі імправізаваны подыум і дэфіле.

Пасля завяршэння конкурсу кампетэнтнае журы ацаніла тэхніку выканання, складанасць, арыгінальнасць вобраза, фантазію кожнага канкурсанта. У намінацыі “мужчынская стрыжка” першае месца заняла цырульнік мужчынскай залы Валожынскага Дома быту Ірына Іванаўна Юхнеўская. У намінацыі “жаночая прычоска” перамагла яе калега Святлана Яўгеньеўна Кербедзь. Другое месца журы прысудзіла Алене Валер’еўне Лукашык з Івянецкага КПП, трэцяе – маладому спецыялісту Крысціне Анатольеўне Радкевіч з гэтага ж КПП. Усе трое пераможцаў прадэманстравалі вячэрнія прычоскі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий