Калi грошы – скарб

У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава нумізматыкі і баністыкі “Скарбы маёй краіны”. Свае зборы манет і папяровых грашовых знакаў прэзентуюць краязнавец Валерый Мазура і яго сябры Алег Будкевіч і Яўген Паплаўскі.

Энтузіясты калекцыйнай справы прадаставілі больш за тысячу экспанатаў, якія патрэбна было сістэматызаваць, апісаць, скласці дакладны каталог. Падрыхтоўчая работа, што правялі работнікі музея, заняла пэўны час, але вынік каштаваў гэтага. Як адзначыла дырэктар музея Валянціна Тадэвушаўна Адамовіч, у экспазіцыі музея шмат цікавых экспанатаў, якія дакладна адлюстроўваюць побыт і культурнае жыццё Івянца і Валожыншчыны ўвогуле, а вось грошы так шырока прадстаўлены ўпершыню.

У дзень адкрыцця выставы ў музеі было людна. Акрамя жыхароў гарадскога пасёлка і іншых населеных пунктаў сабраліся і сталічныя калекцыянеры.

Адметныя экспанаты маюць немалую каштоўнасць. У першую чаргу гэта: залаты дукат 1804 года, срэбныя орты, шастакі Вялікага Княства Літоўскага, так званы “ракаўскі” паўгрош 1564 года, рубель эпохі цара Аляксея Міхайлавіча (першы расійскі рубель), грошы СССР і іншыя.

Выставілі калекцыянеры таксама пярсцёнкі, гузікі, фальшывыя манеты. Безумоўным упрыгожаннем выставы з’яўляюцца пярсцёнак-пячатка ХVI стагоддзя, гузікі салдат і афіцэраў напалеонаўскай арміі 1812 г.

Шырока прадстаўлены і папяровыя грошы, пачынаючы з купюр, выпушчаных пры Мікалаі II, заканчваючы беларускімі “зайцамі” часоў перабудовы. Маладых людзей, безумоўна, зацікавіць рарытэт – картка карыстальніка купонамі. Такія дакументы замянялі грошы ў крызісныя 90-я гады. Прыцягвае позіркі наведвальнікаў і фантазійная інсталяцыя “Скарб”, у цэнтры якой размешчаны гліняны збанок з рассыпанымі манетамі.

Уражанне ад сустрэчы з мінуўшчынай падчас імпрэзы ўзмацнялі музыканты гурта “Рарог” пад кіраўніцтвам Кацярыны Радзівілавай, якія выконваюць творы розных гістарычных эпох. Як адзначыў В. Г. Мазура, збіральнікі спадзяюцца ў хуткім часе пазнаёміць з калекцыяй жыхароў райцэнтра, а таксама суседніх раёнаў, чые лёсы з прычыны гістарычных і геаграфічных умоў цесна звязаны з лёсам Валожыншчыны.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars