Восеньскi п’едэстал гонару

Спорт

У горадзе Старыя Дарогі прайшоў ХХVIII Нацыянальны фестываль бегу “Языльская дзясятка”, асноўная задача якога – прапаганда здаровага ладу жыцця, выяўленне перспектыўных спартсменаў для фарміравання рэзерву нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы. У рамках фестывалю прайшлі таксама спаборніцтвы сярод каманд прадпрыемстваў і арганізацый Мінскай вобласці ў катэгорыі “Карпаратыўны забег” (2000 метраў). Адбыліся таксама індывідуальныя забегі сярод мужчын і жанчын на дыстанцыі 2000 метраў ва ўзроставых катэгорыях 40 гадоў і маладзейшыя і 41 год і старэйшыя.

Ад нашага раёна ў карпаратыўным забегу за каманду Валожынскай аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі выступалі Тадэвуш Жалток, Генадзь Адамовіч і Анастасія Паталей. У індывідуальных забегах у сваёй узроставай катэгорыі першае месца заняў Тадэвуш Жалток. Генадзь Адамовіч паказаў трэці вынік, Настасся Паталей прыбегла сёмай.

 

Тадэвуш Жалток у Мінску на Рэспубліканскім прабегу “Залатая восень”, прысвечаным Дню машынабудаўніка, у паўмарафоне (21 км 100 метраў) у сваёй узроставай групе заняў першае месца. А ў горадзе Маларыта на спаборніцтвах “Палескі марафон” у падгрупе 50-59 гадоў спартсмен з Івянца паказаў таксама лепшы вынік на дыстанцыі 42 кіламетры 195 метраў.

 

Першынство Мінскай вобласці па міні-баскетболе сярод юнакоў 2003-2004 гадоў нараджэння і маладзейшых праходзіла ў Лагойску. Каманда нашага раёна заняла трэцяе месца. За каманду выступалі вучні 5-7 класаў гімназіі № 1 горада Валожына, якіх трэніруе Леанід Хвядчэня.

 

Традыцыйная спартакіяда ДЮСШ Мінскай вобласці па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 2003 года нараджэння і маладзейшых на гэты раз праходзіла ў Барысаве.

За каманду нашага раёна выступалі Канстанцін Казак, Ігар Клемантовіч, Вераніка Дзянісік з Ракаўскай СШ і Вольга Капыша з Гародзькаўскай СШ. Нашы дзяўчаты сталі залатымі прызёрамі, юнакі паказалі пяты вынік. У асабістым заліку выхаванка трэнера Аляксея Ляха В. Дзянісік заняла другое месца. В. Капыша (трэнер Дзмітрый Ажарэльеў) стала чацвёртай.

 

У Жодзіне адбылося першынство ДЮСШ Мінскай вобласці па барацьбе самба. Наша каманда ўпершыню брала ўдзел у такіх спаборніцтвах і заняла 4-е месца. Гэта вельмі ўдалы і абнадзейваючы старт выхаванцаў маладога спецыяліста трэнера-выкладчыка Вадзіма Калашнікава.

Па выніках індывідуальных спаборніцтваў трэцяе прызавое месца занялі вучні сярэдняй школы № 2 райцэнтра Фёдар Міхеткін і Сяргей Рагель, вучань СШ № 1 Арсеній Гаспарэвіч.

 

Пяць мужчынскіх каманд прынялі ўдзел у спаборніцтвах на Кубак раёна па баскетболе, якія праходзілі ў гімназіі.

Перамогу святкавалі прадстаўнікі Багданава. Другое месца ў спаборніцтвах заняла каманда гімназіі, трэцяе – КСУП “Пяршаі-2014”. Тройка прызёраў узнагароджана граматамі і грашовымі прызамі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий