Дарогай святла i веры…

Культура

Цэнтры духоўнага жыцця ў Беларусі, Расіі і за мяжой сталі для многіх нашых землякоў асноўнай мэтай іх паломніцкіх, турысцкіх вандровак.

Нядаўна група католікаў і праваслаўных з Валожына і іншых населеных пунктаў пабывала ў Польшчы на Беласточчыне.

Яны наведалі Гару Крыжоў, размешчаную ў мясцовасці Свята Вода. У час падарожжа пабывалі ў храмах Беластока, азнаёміліся з гістарычнай спадчынай гэтага горада. Для сваіх землякоў пазнавальную экскурсію наладзіў клерык Беластоцкай вышэйшай духоўнай семінарыі Сяргей Матус. Дарэчы, Сяргей нарадзіўся і вырас у нашым райцэнтры. За апошнія 39 гадоў ён стаў першым у Валожынскай парафіі, хто выбраў у сваім жыцці шлях да святарства. Клерыку засталося вучыцца яшчэ два гады, перш чым пачнецца яго самастойнае духоўнае жыццё ў адным з каталіцкіх храмаў.

…Гара Крыжоў – сакральнае месца з багатай гісторыяй. З глыбокай даўніны працягваецца сюды бясконцая вандроўка. Адусюль едуць сюды вернікі, яны вязуць, а некаторыя ўвесь няблізкі шлях нясуць з сабой крыжы з рознага матэрыялу, рознага памеру і мастацка-архітэктурнага афармлення. У выніку крыжоў тут сабралася бясконцае мноства. Яны – сімвалы глыбокай веры, гэта і шчырая падзяка Усявышняму за канкрэтную дапамогу, за выздараўленне, гэта і індывідуальная просьба кожнага, хто пабываў тут, аб падтрымцы ў цяжкую жыццёвую хвіліну.

Масіўны металічны крыж устанавілі тут і паломнікі з Валожыншчыны. Да крыжа прымацавана шыльдачка з надпісам: «З удзячнасцю Богу за адраджэнне веры на Беларусі. Пілігрымы з парафіі Святога Юзафа ў Валожыне».

40 чалавек – католікаў і праваслаўных – пакланіліся ў кастрычніку гэтаму святому месцу, склалі свае шчырыя малітвы. Ініцыятарам і галоўным арганізатарам гэтай паездкі была Марыя Уладзіміраўна Матус. Дакрануцца да духоўнай, рэлігійнай спадчыны жыхары раёна за апошнія гады не раз мелі магчымасць. Было зроблена 8 паездак па Беларусі, Польшчы. Прынялі нядаўна вернікі ўдзел і ў нацыянальнай пілігрымцы на Святую Зямлю – у Іерусалім і іншыя знакавыя мясціны Ізраіля.

Ірына ПАШКЕВІЧ

Фота Леаніды Далінкевіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *