Падарожжа за турыстычнымi «фiшкамi»

Общество

Госці са Слаўгарадскага раёна наведалі Валожыншчыну.  Азнаямленчую паездку для зацікаўленых асоб з Магілёўшчыны арганізавалі ў рамках праекта “Ад вытокаў да развіцця”, што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.

Галоўная мэта трохдзённага падарожжа – набыццё ведаў у аграэкатурыстычнай дзейнасці. Госці наведалі тры аграсядзібы, экамузей, экапасяленне, пешаходную экалагічную сцежку, для іх правялі экскурсію па Валожыне. У першы дзень удзельнікаў сустракалі ў адзіным у сваім родзе ў Беларусі экамузеі “Свет Пчол”. Прыемна здзівілі нестандартныя падыходы і, вядома ж, асаблівы “пчаліны” стыль дзейнасці. Гэта не толькі тэматычныя адукацыйна-забаўляльныя праграмы, але і “мядовая” кухня, уніформа і шматлікія іншыя дробязі, якія маюць важнае значэнне для канчатковага выніку.

Затым чакала сапраўдная шляхецкая сядзіба “Марцінова Гусь”. Па словах яе гаспадара, тут увесь час 1862 год – вялікая камінная зала, адпаведны інтэр’ер, шляхецкае ўбранства прымушала перанесціся на 150 гадоў назад.

Сядзіба здзіўляе анімацыйнымі праграмамі, сярод якіх вясельная анімацыя “Пінская шляхта”, незвычайны святочны сцэнарый “Карчэмныя авантуры”, таксама тут рады гасцям на Каляды і іншыя святы.

Наведалі слаўгарадчане і самае буйное на тэрыторыі нашай краіны экапасяленне “Росы”. Тут уладальнікі аднаго з радавых памесцяў расказалі аб прынцыпах экалагічнага жыцця ў гармоніі з прыродай. У памесці ўсё не зусім звычайна: замест плота – жывая агароджа, замест звыклых прадуктаў і нават касметыкі – практычна ўсё прыроднае.

Абед другога дня адбыўся на сядзібе “Хутар Дудара”. Назва сябе апраўдала – сядзібу сапраўды знайсці было нялёгка, яна размясцілася ў глыбіні сасновага лесу, на беразе рэчкі Яршоўка. Ужо на пад’ездзе госці пачулі гукі беларускай дуды – гаспадары сустракалі з “музыкай на парозе”. Дудар захапляў усіх не толькі сваім глыбокім аповедам пра музычныя інструменты, але і ігрой на кожным з іх, дуэтам разам з гаспадыняй выконваючы дзіўныя мелодыі.

Пазнаёміўшыся з гісторыяй беларускага фальклору, група накіравалася ў вёску Эпімахі ў аграсядзібу “Ганка”. Яе ўладальнік, ён жа старшыня грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму, правёў экскурсію па велізарнай тэрыторыі аграсядзібы, плошча якой 3,4 га, растлумачыў, як функцыянуе савет, расказаў пра перспектывы турыстычнай дзейнасці ў раёне.

Завяршальны дзень дазволіў прагуляцца па экалагічнай сцежцы, прасякнуцца запаведнай прыродай Налібоцкай пушчы, паслухаць невялікі аповед пра Валожын.

Аляксей РЫМША



Добавить комментарий