Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

2 лістапада Мінскі абласны выканаўчы камітэт падпісаў з Валожынскім лясгасам дагавор арэнды тэрмінам на 10 гадоў. Згодна з падпісаным дакументам, лясгасу прадастаўляюцца ў арэнду паляўнічыя ўгоддзі агульнай плошчай 29,3 тысячы гектараў.

У сувязі з дагаворам лясгас аднаўляе паляўніча-гаспадарчую дзейнасць – правядзенне палявання, біятэхнічныя і паляўніча-гаспадарчыя работы на арандуемых тэрыторыях. Пасля некаторых дадатковых працэдур у самы бліжэйшы час чакаецца адкрыццё сезона палявання на дробную пушную дзічыну і на нарміраваныя віды паляўнічай жывёлы.

 

Да 20 лістапада працягваецца пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам”.

Яе мэта – зніжэнне колькасці пажараў, якія адбываюцца з-за невыканання асобнымі грамадзянамі правіл пажарнай бяспекі ў жылых дамах і іншых памяшканнях, умацаванне правапарадку, папярэджванне правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення. Супрацоўнікі РАНС разам з іншымі зацікаўленымі службовымі асобамі штодзённа праводзяць рэйды ў жылым сектары Валожына і населеных пунктах раёна. Кожнаму гаспадару ўручаюцца прафілактычныя памяткі. За час акцыі ўжо правераны 253 домаўладанні і праінструктаваны 510 чалавек.

 

Раз у год урачы Мінскай абласной клінічнай бальніцы праводзяць у раёне планава-кансультацыйную дапамогу. Сёлета 4 лістапада ў райбальніцы (паліклініцы і стацыянары) 12 медыкаў з абласной медустановы аказвалі запланаваную кансультацыйную дапамогу.

Урач-хірург С. М. Лагодзіч правёў абход у хірургічным аддзяленні, дзе на стацыянарным лячэнні знаходзіліся 44 пацыенты. Загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі С. М. Карніевіч пракансультаваў чатырох хворых, столькі ж пацыентаў прыняў урач-уролаг Я. А. Ліснеўскі, урач-траўматолаг А. І. Мікулка пракансультаваў 8 хворых, па тры чалавекі прынялі загадчыкі рэўматалагічнага і гастраэнтэралагічнага аддзяленняў Я. І. Яўко і А. Г. Сасноўскі. У складзе брыгады былі таксама ўрач-кардыёлаг, урач-пульманолаг і іншыя спецыялісты.

 

Раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з раённай арганізацыяй Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі з боку Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” выйгралі сродкі ў размеры 17 мільёнаў рублёў на правядзенне ў раёне інклюзіўнага фестывалю творчасці “Асаблівы сусвет”. Фестывальныя мерапрыемствы запланаваны на 3 снежня.

 

Сёння, 10 лістапада, у 16 гадзін у канцэртнай зале Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў адбудзецца канцэрт лаўрэата міжнародных конкурсаў гітарыста Паўла Кухты.

У праграме – творы кампазітараў розных стыляў і эпох.

 

На працягу трох дзён ва Уздзе разыгрываўся Кубак Мінскай вобласці сярод мужчын і жанчын па настольным тэнісе. У ім прынялі ўдзел каманды 13-і раёнаў Міншчыны.

Жаночая каманда нашага раёна ў складзе адзінаццацікласніцы гімназіі Вікторыі Барахоўскай і студэнткі Сняжаны Ланько заняла першае месца, мужчынская каманда паказала чацвёрты вынік. У асабістым заліку дырэктар Валожынскай ДЮСШ Дзмітрый Ажарэльеў падняўся на другую прыступку п’едэстала гонару, а Вікторыя Барахоўская была трэцяй.



Добавить комментарий