З мiлiцэйскай прысягай у сэрцы

Культура

Пенсіянер Сяргей Іосіфавіч ГАРАСЮК, жыхар Гародзькаў, больш за тры дзесяцігоддзі жыцця аддаў міліцэйскай службе. Быў участковым у Забрэззі, оперупаўнаважаным у групе па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, разам з Іванам Міраслававічам Трацэўскім сталі першымі на Валожыншчыне старшымі ўчастковымі інспектарамі міліцыі. З 1988 года С. І. Гарасюк на заслужаным адпачынку.

З нагоды Дня пажылых людзей да С. І. Гарасюка завіталі яго маладыя калегі: намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні С. А. Гелда, ч.в.а. старшага інспектара групы кадраў В. Р. Цішэвіч, участковы інспектар міліцыі Ю. В. Каспярчук. Завязалася гутарка, падчас якой удалося пачуць шмат чаго цікавага…

Сяргей Іосіфавіч нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Ганчары. У сям’і падрасталі пяцёра дзяцей, асаблівага дастатку не было, але ніхто тады і не здагадваўся, што гэта самы спакойны перыяд іх жыцця…

У 1941 годзе бацька пойдзе перавязваць каня і трапіць у нямецкую аблаву. Разам з 25 іншымі сялянамі і бацюшкам Куніцкім яго расстраляюць.

За дзяцінства Сяргей Іосіфавіч ні разу не пакаштуе нічога смачнейшага, чым хлеб. Два гады працаваў пастушком у вёсцы з прыгожай назвай Добрая Зямля. На ўсё жыццё прызвычаіўся падымацца ў пяць гадзін. Кароў пасвіў у лесе, дзе расла больш сакавітая, чым на лузе, трава. Заробкам сталі два пуды мукі і гармонік, у якім западала некалькі клавіш. Іграць на інструменце было немагчыма, але вельмі хацелася. На выручку прыйшоў умелец з Валожына па мянушцы “За кішэнь бульбы”. Ён, і сапраўды, за некалькі бульбін браўся наладзіць хоць цымбалы, хоць скрыпку, хоць гармонік.

Кожную суботу яго клікалі на “каты” – так зваліся вечарынкі, на якія дзяўчаты рыхтавалі закуску, а хлопцы – выпіўку. Келіх з гарэлкай праносілі міма падлетка Сяргея. Так з алкаголем ён ніколі і не пасябраваў, хоць застолляў, баляў, розных прычын “для замочкі” хапала.

Затым пяць гадоў служыў на ваенна-марскім флоце! Спрабаваў паступіць вучыцца ў ВНУ, ды не прайшоў па конкурсе. Некаторы час працаваў на чыгуначнай станцыі Гародзькі, а ў 1961 годзе, адразу пасля навагодніх свят, перайшоў служыць у міліцыю. Тагачасны начальнік РАУС Фёдар Карлавіч Кулакоў заахвоціў сяржанта да ведаў. Сяргей Іосіфавіч заканчвае курсы ўчастковых, пазней – Вышэйшую школу МУС СССР па спецыяльнасці “юрыст”.

Сяргей Іосіфавіч даволі хутка стаў адным з лепшых праваахоўнікаў у раёне, а Забрэзскі сельсавет атрымаў званне “Участак узорнага грамадскага парадку”.

У канцы 60-х участковы Гарасюк раскрыў два цяжкія злачынствы – забойствы амаль дзесяцігадовай даўнасці, учыненыя з асаблівай жорсткасцю.

“Чаго толькі не давялося за службу перажыць і пабачыць!” – прызнаецца Сяргей Іосіфавіч. Бывала, і пад кулямі хадзіў. Неяк ужо напрыканцы службы давялося браць аднаго злачынца ў Высокім. Ён адстрэльваўся ад міліцыянераў, седзячы на гарышчы. Сямнаццаць куль выпусціў з паляўнічага ружжа, а апошнюю пакінуў сабе…

Цяперашнія ўчастковыя забяспечаны і службовым памяшканнем, і транспартам, тэлефон заўсёды пад рукой, камп’ютар. Пры гэтым людзей у вёсках у разы зменшылася. Ён жа, заступіўшы на пасаду, атрымаў толькі каня. Калі на ўчастковага міліцыянера людзі глядзелі з павагай, то на яго каня – з зайздрасцю. Коней тады вяскоўцам трымаць у гаспадарцы забаранялася. А ім жа трэба было і бульбу пасадзіць, і сена карове прывезці. Асмялелі людзі ды і пачалі «пазычаць» у маладога міліцыянера каня на дзянёк-другі. Не мог Гарасюк ім адмовіць, бо ведаў: калі чалавеку добра, то ён і на сутычкі з законам не пойдзе.

Колькі “распякалі” Сяргея Іосіфавіча розныя адказныя асобы за патаканне “дробнаўласніцкім” памкненням! Ад вымовы ці якой іншай дысцыплінарнай адказнасці выратавала тое, што ні грошай, ні падарункаў ад сялян не браў.

Трэба сказаць, што зарплата на той час у міліцыі была невысокая. Напрыклад, касір на Гародзькаўскай чыгуначнай станцыі атрымліваў 500 рублёў старымі ці 50 – новымі, а ўчастковы – 75. Праўда, калі Валожынскі раён далучылі да Маладзечанскага і аддзел унутраных спраў з раённага стаў гарадскім, міліцыянерам “чырвонец” дабавілі.

Узыходжанне па лесвіцы прафесійнага майстэрства супадае са станаўленнем яго як сем’яніна. Жонка, Хрысціна Паўлаўна, працавала начальнікам Гародзькаўскай чыгуначнай станцыі, падрасталі дзве дачкі Ала і Ларыса. Доўга не маглі абзавесціся ўласным жыллём. І толькі калі ў Гародзьках пабудавалі новы будынак сельсавета, стары выдзелілі сям’і ўчастковага. У 1991 годзе сядзібу сям’я Гарасюкоў прыватызавала.

Сяргей Іосіфавіч на пенсіі без справы не застаўся: развялі з жонкай вялікую гаспадарку, сад, агарод. Яшчэ летась карову трымалі, але сёлета вымушаны былі адмовіцца. А вось конік, як і паўвека назад, у Сяргея Іосіфавіча ёсць. Вялікі ўчастак вакол дома былы міліцыянер засявае канюшынай, пілюшкай (сумесь аўса з гарохам) на корм свайму любімаму Сіўку. На будучы год плануе пару вулляў з пчоламі набыць, каб пачаставаць духмяным мядком найдаражэйшых гасцей: 3 унукаў і 4 праўнукаў…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий