Зiмародку патрэбен пiяр

Официально

Майстар-класы і кароткая дыскусія пра сувеніры, найбольш годныя прадстаўляць Валожынскі раён на турыстычным рынку, – такое мерапрыемства ладзілася ў рамках праекта “Рэгіянальныя сувеніры як сродак пабудовы агратурыстычных суполак” на базе аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Валожынскага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва.

Сустрэча сабрала без малога 20 удзельнікаў – інвалідаў, іх выхавальнікаў і выкладчыкаў, а таксама прадстаўнікоў аграсядзіб раёна.

Вольга Камінская пазнаёміла прысутных з тэхнікай мастацкага валення з воўны. Большасць удзельнікаў даволі лёгка змаглі менш чым за 2 гадзіны стварыць першую ў сваім жыцці валеную цацку – сімпатычную птушку зімародка, які з’яўляецца неафіцыйным сімвалам Налібоцкай пушчы, а ў рамках праекта – прапануецца ў якасці афіцыйнага сімвала Валожынскага раёна. Папуляцыя гэтай прыгожай і апетай міфамі шматлікіх народаў свету птушкі на Іслачы – самая вялікая ў Беларусі.

Людміла Ваўковіч-Борыс, якая выкладае тэхніку мастацкай работы з саломкай, навучыла ствараць з гэтага даступнага і старажытнага матэрыялу вытанчаныя кветкі.

Прысутныя атрымалі “хатняе заданне”: абдумаць, якія формы і матывы мастацкіх сувеніраў будуць найбольш запатрабаваны жыхарамі і гасцямі раёна. Да сакавіка наступнага года ў рамках праекта адбудзецца яшчэ адно мерапрыемства з улікам прапаноў, якія паступяць ад удзельнікаў і іншых зацікаўленых людзей. Прадстаўнікі праекта паабяцалі падарыць аддзяленню дзённага знаходжання інвалідаў камплект іголак для валення, каб атрыманыя на майстар-класе навыкі ўдасканальваліся на практыцы. Праект “Рэгіянальныя сувеніры як сродак пабудовы агратурыстычных суполак” рэалізуецца ў Маладзечанскім і Валожынскім раёнах пры падтрымцы Федэральнага ўрада Германіі. Ён накіраваны на актывізацыю сувенірных промыслаў, крэатыўнае выкарыстанне мясцовых гісторыі і традыцыйнай культуры, а таксама на далучэнне інвалідаў да творчага працэсу і эканомікі. Вынікі праекта будуць падведзены ў сакавіку-красавіку 2016 года, калі мясцовым суполкам будуць прапанаваны ідэі і пэўныя ўзоры сувеніраў і абагульнены вопыт іх стварэння і распаўсюджвання на турыстычным рынку.

Аляксандр БЕЛЫ,

уладальнік аграсядзібы

“Марцінова Гусь”



Добавить комментарий