Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

У ПОШУКАХ ДУРМАНУ

Нядаўна ў Слайкоўшчыне праваахоўнікі затрымалі маладога чалавека, які меў пры сабе пэўную колькасць небяспечнага псіхатропнага рэчыва. Згодна з яго тлумачэннямі, наркотыкі набыў для ўласнага спажывання. Яшчэ два мужчыны трапілі ў поле зроку міліцыі пры зборы дзікарослых наркатычных раслін у ваколіцах вёскі Бомбалы. Адзін з іх з’яўляецца жыхаром сталіцы, другі – Заслаўя. Супраць усіх затрыманых узбуджаны крымінальныя справы.

 

ВА ЎГОНЕ – ПРАЛЬНАЯ МАШЫНА

Ад жыхара сацыяльнага дома па вуліцы Партызанскай у райцэнтры паступіла паведамленне ў дзяжурную часць міліцыі аб тым, што з ваннага пакою ў яго кватэры знікла пральная машына “ІNDESIT”. Злодзеем аказаўся нідзе не працуючы мужчына 1987 года нараджэння. Замест таго, каб набыць каштоўную рэч у магазіне, ён папрасіў выпадковага знаёмага дапамагчы перанесці машыну-аўтамат з аднаго месца на другое…

 

“БЕЗСУВЯЗНЫ” ДЗЕД

Пенсіянер, жыхар райцэнтра, якога супрацоўнікі міліцыі неаднаразова лавілі “за руку” падчас незаконнай рэалізацыі алкаголю, нядаўна змяніў амплуа з правапарушальніка на пацярпелага. Пасля візіту маладой дамы з яго дому знік мабільны тэлефон, пра што ён і паведаміў у “дзяжурку”. Даволі хутка хцівую да чужой маёмасці госцю затрымалі. Мабільнік аказаўся пры ёй. Жанчыне нічога не заставалася, як прызнацца ва ўчыненым. У хуткім часе меру пакарання за ўчынак ёй вызначыць суд. Дзед застаўся без сувязі, але на яго падпольны бізнес гэта ніяк не паўплывала. Бо ў хуткім часе міліцыяй была затрымана яшчэ адна маладая асоба жаночага полу, якая набыла ў пацярпелага ад крадзяжу паўлітра самагону.

 

ПАДВЯЛІ СТАЛОВЫЯ ПРЫБОРЫ

Напрыканцы кастрычніка ў раён завітаў сталічны “гастралёр”, які прама з аўтамабіля прапаноўваў людзям набыць якасныя сталовыя прыборы. Калі супрацоўнікі групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю пацікавіліся ў яго наконт адпаведных дакументаў, мужчына толькі развёў рукамі. Згодна з пратаколам, у яго канфіскаваны 775 адзінак тавару на агульную суму 54450000 рублёў.

 

ЗЛОДЗЕЙ УСТАНОЎЛЕНЫ

Больш за паўгода назад быў учынены крадзеж з месца будоўлі прыватнага дома ў Івянцы. Гаспадар недалічыўся бензагенератара і перфаратара.

У злачынстве абгрунтавана падазраецца нідзе не працуючы, неаднаразова судзімы жыхар гарпасёлка. На дадзены момант ён арыштаваны і дае паказанні.

 

КАНФІСКАВАНЫ РАРЫТЭТ

Жыхар вёскі Вуглы Івянецкага сельсавета ў гаспадарчай пабудове захоўваў самагонны апарат. Незаконны “агрэгат” канфіскаваны і перададзены на адказнае захоўванне мясцовым камунальнікам. А вось былому ўладальніку змеевіка і бочкі давядзецца раскашэліцца на адміністрацыйны штраф.

 

СМЯРОТНАЯ ЗНАХОДКА

Падчас рамонтных работ на прысядзібным участку ў Жураўцах была выкапана граната часоў Вялікай Айчыннай вайны. На абясшкоджванне небяспечнай знаходкі выклікаліся спецыялісты.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий