Плённыя здабыткi

Общество

Прыемна адзначыць, што сельгасарганізацыі раёна сваё прафесійнае свята сустракаюць са станоўчымі паказчыкамі. Добрых вынікаў дасягнулі СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, ААТ “Агра-Дубінское”, КСУП “Сугвазды-агра” і “Пяршаі-2014”.

СГУ “Бабровічы” першымі ў раёне распачалі корманарыхтоўчую кампанію, дзякуючы чаму яны маюць паўтарагадовы запас травяных кармоў: на адну ўмоўную галаву атрымана 30 цэнтнераў кармавых адзінак (+7,52 да ўзроўню мінулага года). У гэтай гаспадарцы сёлета і самы лепшы паказчык ураджайнасці зерневых культур – 58,4 цэнтнера, выхад зерня з аднаго балагектара склаў 179 кілаграмаў.

Правядзенне ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны ўсіх веснавых работ дазволіла КСУП “Сугвазды-агра” атрымаць неблагі ўраджай зерневых культур – 57,4 цэнтнера з гектара, заняўшы ганаровае другое месца па раёне. Азімы рапс пры сваёй сёлетняй неўрадлівасці тут атрыманы адзін з самых лепшых: 21 цэнтнер з гектара. Усё гэта дазволіла без праблем нарыхтаваць кармы для жывёлы на зімова-стойлавы перыяд у разліку на адну ўмоўную галаву па 24,16 цэнтнера кармавых адзінак (+3,32 да леташняга паказчыка).

Ужо каторы год запар стабільна працуе ААТ “Агра-Дубінское”, уваходзячы ў тройку лідараў па раёне па ўсіх асноўных паказчыках.

У атрыманні валавой вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі добрых вынікаў дасягнулі ТАА “Адамова-агра” – 114,8 працэнта, СГУ “Бабровічы” – 110,7, ААТ “Агра-Дубінское” – 108,4. Хоць былая Ракаўская птушкафабрыка зараз з’яўляецца прыватным прадпрыемствам “Агразабеспячэннекамплект”, але тут на адну трэцюю павялічылі вытворчасць мяса птушкі і яек, атрымаўшы валавой прадукцыі 113,8 працэнта. На ААТ “Валожынскі льнокамбінат” валавая вытворчасць ільнопрадукцыі склала 110,4 працэнта. На прадпрыемстве на 164 працэнты павялічылі вытворчасць ільну-кудрашу, насенне якога выкарыстоўваецца для вырабу льнянога алею.

У малочнай жывёлагадоўлі ўсяго па раёне атрымана 39076 тон малака, што на 7443 тоны больш за леташні паказчык, ці 104,7 працэнта. Сярэдні ўдой на карову склаў 3253 кілаграмы (+62 кілаграмы). Найлепшых вынікаў дасягнулі ў КСУП “Пяршаі-2014”, дзе надаілі ад адной каровы па 6050 кілаграмаў малака, ААТ “Агра-Дубінское” – 4448, КСУП “Манькаўшчына-2014” – 4356 кілаграмаў.

Валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 3516 тон (+111 тон), ці 103,3 працэнта. Са станоўчага боку трэба адзначыць КСУП “Сугвазды-агра”, дзе сярэднясутачныя прывагі на адкорме і дарошчванні атрыманы па 637 грамаў, ААТ “Багданаўскае” – 610, СГУ “Бабровічы” – 608 грамаў пры раённым паказчыку 496 грамаў.

Безумоўна, дасягнуць станоўчых паказчыкаў было б немагчыма без зладжанай работы працаўнікоў вёскі. Усяго ў сельскагаспадарчай галіне раёне заняты 2310 чалавек, з іх 374 – спецыялісты, 258 механізатараў, 183 аператары машыннага даення, 130 вадзіцеляў. Усе яны працавалі на агульны каравай. І на раённым свяце, прымеркаваным да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, 84 лепшыя працаўнікі будуць адзначаны Ганаровымі граматамі і падзякамі райвыканкама.

Напярэдадні прафесійнага свята мне асабіста хочацца падзякаваць за працу кожнаму работніку сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, бо яны насамрэч працуюць сумленна і старанна, у любое надвор’е, не лічацца з асабістым часам. Хочацца пажадаць вам поспехаў ва ўсім, здароўя, сямейнага цяпла і добрых заробкаў – усяго гэтага вы заслугоўваеце па самым вялікім рахунку!

Анатолій ЛЯБЁДКА,

в. а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама



Добавить комментарий