Праца – самыя выгадныя

Общество

IНВЕСТЫЦЫI Ў IНТАРЭСАХ СЯБЕ

Адраджэнне вёскі найперш звязана з дэмаграфічным аспектам. Калі тут будзе заставацца моладзь, будзе мець надзейную перспектыву і сельскі рэгіён.

Радуе, што на вытворчых участках ТАА «Тарасава» сёння працуе нямала тых, каму па ўзросце яшчэ далёка да трыццаці. Але ў сэрцах гэтых людзей ужо жыве моцнае прыцяжэнне бацькаўшчыны, роднай зямлі. І зямлі яны служаць, без пафасу будзе сказана, верай і праўдай. Прынамсі, такі душэўны парыў адчуваецца ў характары Яўгена ПАЛЕШЧУКА з Дварца.

Шматлікія віды сельскагаспадарчых работ даводзіцца выконваць гэтаму маладому чалавеку. На працягу вытворчага года з улікам амаль бясконцай эстафеты сезонных спраў механізатару прыходзіцца перасядаць на розныя віды тэхнікі. Вясной Яўген працаваў на сяўбе, затым убіраў збажыну, а цяпер працягвае корманарыхтоўку на кукурузных плантацыях. Такая разнастайнасць імпануе задорнаму характару гэтага чалавека. А яшчэ многае значыць тэхніка, на якой даверана працаваць. Паказваючы на самы магутны з класа сучасных трактароў – на «Чэленджэр», Яўген не без гонару дадае, што такой тэхнікі толькі дзве адзінкі на ўвесь Валожынскі раён. І што менавіта на такім трактары ён працаваў вясной на падрыхтоўцы сельгасугоддзяў у перадпасяўны перыяд. З непадробным інтарэсам ён расказвае пра складаную будову гэтага 27-тоннага гіганта, пра тапдаўн – комплексны агрэгат, які па прадукцыйнасці ў некалькі разоў перавышае магчымасці звычайных плугоў. «Нашпігаваная» электронікай кабіна міжволі псіхалагічна павышае і статус таго, хто кіруе гэтай сучаснай тэхнікай. Дваццаціпяцігадовы Яўген, як, зрэшты, і многія яго равеснікі, паспяхова асвоіў сакрэты кіравання, манеўравання гэтага трактара.

Механізатарская жылка праявілася ў яго яшчэ ў дзяцінстве. Бацька Валянцін Мікалаевіч таксама працаваў у сельскай гаспадарцы. Трое сыноў гадаваліся ў сям’і. А самым нераўнадушным, заўзятым да тэхнікі быў менавіта Яўген. Расказвалі, што нават са школьных урокаў, здаралася, ён збягаў, каб пакатацца з бацькам на «КЗРы», «Беларусь». Настаўнікі ўшчувалі за гэту правіну, а бацька свайго сына добра разумеў… На жаль, бацькі ўжо няма на свеце. А сыны дынастыю механізатараў працягваюць. Сёлета на ўборцы зерневых культур памочнікам на «Лексіёне» ў Яўгена быў яго малодшы брат Павел. Намалацілі больш за тысячу тон зерня. Вынікам маладыя хлебаробы задаволены, а ў наступным годзе збіраюцца прымножыць вытворчыя здабыткі…

Цяпер Я. Паляшчук заняты на завяршальнай стадыі корманарыхтоўкі. Надвор’е спрыяе працы. ТАА «Тарасава» – самая буйная гаспадарка раёна. Людскія працоўныя рэсурсы штораніцы размяркоўваюцца паміж трыма вытворчымі ўчасткамі. Наяўнасць магутнай тэхнікі дазваляе забяспечваць высокі тэмп работ. Выхадныя бываюць рэдка. Але і на заробкі тут не скардзяцца, бо калі добра пастарацца, то атрымаеш за месяц мінімум 10 мільёнаў рублёў. А для вясковага жыхара гэта высокія даходы. Цяпер Яўген Паляшчук шчыруе на камбайне «БігХ» – папаўняе восеньскія запасы кармоў для стойлавага ўтрымання жывёлы. Штодзень калясіць знаёмымі прасёлкамі. Лёгка і светла ў яго на сэрцы. А так і павінна быць, калі ты жывеш на роднай зямлі і аддана ёй служыш…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий