Ёсць лён – будзе плён

Общество

Галоўная задача, якая стаяла перад калектывам ААТ “Валожынскі льнокамбінат” у бягучым годзе, – забяспечыць вытворчасць уласнай сыравінай – выканана.

Сухое летняе надвор’е спрыяла выспяванню лёну-кудрашу, з насення якога атрымліваецца алей. Пры ўраджайнасці 11 ц/га сабрана 550 т гэтай культуры, вырашчанай на 500 га (больш за 300 т у гаспадарках Вілейскага раёна). Ужо перапрацавана 500 т насення новага. Выпушчана 152 т алею, з якіх – 110 т харчовага. Аб’ём вытворчасці за 10 месяцаў – больш за 6 млрд руб., што складае 40% ад агульнага аб’ёму.

Лён-даўгунец вырошчваўся на плошчы 700 га. Нарыхтаванай ільнотрасты дастаткова, каб забяспечыць работай да новага ўраджаю цэх асноўнай вытворчасці.

На жаль, сельгаспрадпрыемствы Валожыншчыны адмовіліся ад вырошчвання лёну, і камбінату прыходзіцца супрацоўнічаць з арганізацыямі Вілейскага раёна. А між іншым, рэнтабельнасць вытворчасці лёну-кудрашу даволі высокая – 24%.

Забяспечаны сыравінай і цэх кастрабрыкетаў. Выпушчана больш за 200 т прадукцыі. Зараз у цэху праводзіцца планавы рамонт, які, безумоўна, паўплывае на аб’ём і якасць выпускаемай прадукцыі.

Бягучы год на прадпрыемстве адзначаны новаўвядзеннем. Калі раней салома лёну-кудрашу лічылася адходамі, зараз пачата яе перапрацоўка. З гэтага матэрыялу вырабляецца спецыяльнае валакно. Яно будзе пастаўляцца фірмам, якія займаюцца вытворчасцю ўцяпляльнікаў, патрэбных пры будаўніцтве.

Дзякуючы намаганням кіраўніцтва і працаўнікам ільнокамбіната, за апошнія два гады аб’ём вытворчасці па прадпрыемстве павялічыўся ў два разы, за 10 месяцаў 2015 года склаў больш за 15 млрд руб. У параўнанні з мінулымі гадамі значна зменшаны страты (на 2,7 млрд руб). У планах – пашырэнне рынкаў збыту выпускаемай прадукцыі ў Германію, Галандыю, Кітай.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара і Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *