Знайсцi сябе дапамагла аб’ява

Общество

Сваімі поглядамі на жыццё, развагамі і меркаваннямі падзяліўся з карэспандэнтам раённай газеты жыхар Маладзечна, які працуе ў ААТ “Багданаўскае”.

1 чэрвеня бягучага года ў калектыў ААТ “Багданаўскае” на пасады спецыяліста па ідэалагічнай рабоце, вядучага юрыста, а таксама старшыні прафкама гаспадаркі прыйшоў новы работнік – жыхар Маладзечна Вячаслаў Курбака. Кожны дзень маладога чалавека пачынаецца з паездкі на цягніку да новага месца працы: хоць і рана ўставаць даводзіцца, затое дабірацца зручна. А яшчэ, пакуль едзе, паспявае і думкі ў парадак прывесці, і маляўнічымі краявідамі роднай беларускай зямлі палюбавацца…

Што прымусіла жыхара буйнога горада шукаць працу ў сельскагаспадарчым сектары суседняга раёна? Напэўна, адсутнасць боязі перад цяжкасцямі ды цвёрдая ўпэўненасць ва ўласных ведах і сілах. Не апошнюю ролю ў гэтым сыгралі і вясковыя карані: родам Вячаслаў з вёскі Лебедзева, што пад Маладзечнам. Атрымаўшы адукацыю ў сталічным інстытуце кіравання, ён працаваў у розных месцах і на розных пасадах. Але ўсё ж вырашальную ролю сыграў фінансавы бок справы. Гартаючы газету, Вячаслаў выпадкам прачытаў аб’яву аб пошуку спецыяліста ў ААТ “Багданаўскае”. “Дабірацца сюды дастаткова зручна – дык чаму б і не? – падзяліўся думкамі субяседнік. – Тое, што раней пакідаць ложак трэба, не праблема: мне вельмі падабаецца ранішняя Беларусь, гатовы любавацца яе непаўторнымі пейзажамі бясконца”. Па ўласным прызнанні, Вячаслаў любую замежную паездку з задавальненнем абмяняў бы на магчымасць пападарожнічаць па прасторах роднай краіны, наведаць мясціны, авеяныя подыхам нашага багатага гістарычнага мінулага. Адзін час Вячаслаў нават думаў пра тое, каб звязаць свае інтарэсы з прафесіянальнай дзейнасцю. І ўладкаваўся працаваць экскурсаводам. Тады ж, дарэчы, прыйшло і разуменне важнасці валодання беларускай мовай на высокім узроўні. Пры размове адчуваецца, што для Вячаслава Курбакі беларуская гаворка родная. “Гэта колькі разоў мне дапамагала пры вядзенні экскурсій. Турыстам падабаецца, калі яны чуюць нашу родную мову. А з іншага боку, задаволены, што такім чынам я ўкладаю сваю “цаглінку” ў агульны падмурак старажытнай беларускай культуры”, – разважае мой рэспандэнт. На беларускай мове ў вольны час ён піша нарысы, артыкулы, складае вершы.

Вячаслаў вядзе ў гаспадарцы аж тры накірункі дзейнасці. Асноўная ж спецыяльнасць па дыпломе – “юрыст”. Да такой прафесіі з дзяцінства вяла рамантыка: гледзячы на адважных і моцных герояў тэлесерыялаў накшталт “Вуліц разбітых ліхтароў”, якія цаной уласнай бяспекі баранілі інтарэсы людзей, Вячаслаў усёй душой марыў стаць такім жа, а дакладней – супрацоўнікам праваахоўных органаў. Праўда, з узростам прыйшло разуменне “падводных камянёў” такой работы. Аднак і адступаць ад задуманага было цяжка. І кампраміс знайшоўся: гаспадарчае права.

“Неяк адзін з выкладчыкаў мяне паўшчуваў у адсутнасці часам вельмі неабходнай для юрыспрудэнцыі “крыважэрнасці”. Адказаў яму: дык на тое ж я і чалавек, а не драпежнік”, – усміхаючыся, успамінае студэнцкія гады герой замалёўкі. І сапраўды, нават паляванне Вячаслаў не любіць. Для яго абраза – павесіць на сцяне чучала. Куды лепш любавацца жывёламі ў жывой прыродзе. А з хатніх у В. Курбакі – два каты. Паміж гаспадаром і яго калматымі гадаванцамі – давер і павага. Падабаюцца маладому чалавеку такія віды спорту, як футбол і хакей. Некалі паступала яму прапанова стаць прафесіянальным арбітрам, аднак больш прыемная гульня з пазіцыі іграка: там шмат драйву і адрэналіну, з якімі выплюхваецца і дрэнны настрой.

Як прызнаецца, камфортна ён сябе пачувае менавіта ў вёсцы. Тут і дзеці прыветныя, і людзі адкрытыя. “Маральнасць – вось што трэба развіваць усімі сіламі, – разважае В. Курбака. – Я б і ў школе ўвёў абавязковыя заняткі па духоўных дысцыплінах. Свет стаў бы лепшы”. На такой ноце мы і заканчваем гутарку з гараджанінам, які знайшоў сваё прызванне ў вёсцы…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий