Малочнатаварны комплекс “Дубіна Вяршыцкая”

Общество

Тэрыторыя малочнатаварнага комплексу “Дубіна Вяршыцкая” прыемна здзіўляе дагледжанасцю і чысцінёй. Крыўднае “як на ферме!” – гэта не пра іх. Праца стараннага калектыву даказвае: поспех справы хаваецца не толькі ў мадэрнізацыі абсталявання, сакрэт – у дэталях і дробязях.

Прыцягваюць увагу ноткі творчасці: дзверы аднаго з памяшканняў для ўтрымання жывёлы замянілі мясцоваму мастаку палатно для малявання. На іх адлюстраваны ідылічны пейзаж: шчаслівыя белыя рагулі ў асяроддзі сакавітых кветак. Трэба меркаваць, што рэальнае пагалоўе з 320 кароў, 203 з якіх – дойныя, задаволена не менш. Утрымліваецца жывёла ў адрамантаваных памяшканнях, на добрых кармах. Невыпадкова карова дае ў сярэднім 20 літраў малака ў дзень. Загадчыца комплексу Раіса Чаславаўна ЧАРКЕВІЧ з задавальненнем канстатуе: “Мы атрымліваем 100 працэнтаў малака гатунку экстра”.

У калектыве няма гультаёў. Справа не будзе ісці добра без працавітых, самаадданых людзей. Цэлы дзень як вавёрка ў коле – выбраць цялушак на племя, вызначыць рэжым утрымання статка, арганізаваць штучнае выкормліванне маладняку, сачыць за правядзеннем санітарна-прафілактычных работ, чысткай жывёл, кантраляваць прадукцыйнасць пагалоўя – увесь час на нагах галоўны заатэхнік ААТ “Агра-Дубінское” Наталля Васільеўна ЖУКОЎСКАЯ. Яна – жанчына-парадокс. Не так даўно пакінула добрую працу і камфортнае жыццё ў Мінску, пераехаўшы ў ціхую Дубіну, на радзіму бацькі. У сельскай гаспадарцы ўжо амаль 5 гадоў.

У склад комплексу ўваходзяць 4 малочнатаварныя фермы і 3 фермы па дарошчванні і адкорме цялят. Напрыклад, на ферме “Дубіна Юрздыцкая” вырошчваюць 806 галоў буйной рагатай жывёлы.

На МТК “Дубіна Вяршыцкая” ўсяго тры даяркі – Жанна Леанідаўна Палянская, Валянціна Чаславаўна Родзевіч і Ірына Валер’еўна Юр’ева.

Сярод адказных работнікаў – жывёлавод Вольга Юр’еўна Мацкевіч. Менавіта яна прымае ў кароў нованароджаных цялятак. Даглядае групу сухастойных кароў, клапоціцца пра захаванне здароўя жывёл, стараецца павялічыць узровень іх будучай малочнай прадукцыйнасці, атрымаць здаровы прыплод.

Старанна працуе і сям’я ўкраінцаў Ішчанка: Дзяніс Уладзіміравіч – загоншчык, яго жонка Алена Аляксандраўна – заатэхнік-селекцыянер. Руплівым перасяленцам з Луганскай вобласці з двума дзецьмі-школьнікамі гаспадарка выдзеліла дом, забяспечыла стабільнай працай.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий